Вікторыя Азаранка — у 1/8 алімпійскага турніра
Увечары 31 ліпеня беларуская тэнісістка выйграла ў Марыі Марцінэс Санчас (№90) з Іспаніі — 6:1, 6:2.
Матч на некалькі гадзінаў затрымаўся праз дождж. Першы сэт Вікторыя выйграла вельмі хутка, аддаўшы іспанскай тэнісістцы толькі 1 гейм.
У пачатку другога сэта Марцінэс Санчас здолела навязаць першай ракетцы свету барацьбу. У трэцім гейме іспанка нават зрабіла брэйк на падачы Вікторыі. Але беларуская тэнісістка ў наступным жа гейме ўзяла падачу саперніцы.
Больш Вікторыя Азаранка не аддала Марыі Марцінэс Санчас ніводнага гейма. Падобна да таго, што яна вырашыла скончыць сустрэчу хутка, пакуль не пайшоў дождж. У выніку — 6:2 і лагічная перамога беларускі.
У 1/8 алімпійскага турніра Вікторыя Азаранка згуляе з 16-й ракеткай свету, расіянкай Надзеяй Пятровай.