Ажубаліс: ЕГУ рыхтуе будучае пакаленне Беларусі
Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс падчас мерапрыемства, прысвечанага 20-годдзю дзейнасці Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
Паводле яго слоў, ЕГУ дае надзею на стварэнне ў Беларусі адкрытага грамадства, якое будзе грунтавацца на ліберальных і дэмакратычных каштоўнасцях.
"Мы верым, што гэтыя маладыя людзі змогуць належным чынам удзельнічаць у працэсе развіцця беларускага грамадства і будуць садзейнічаць большай адкрытасці краіны ў дачыненні да каштоўнасцей заходняга свету", — цытуе словы Ажубаліса БелаПАН.
"Падтрымліваючы ЕГУ, мы ўдзельнічаем у пазітыўных змяненнях у Беларусі. Гэта наш цвёрды ўнёсак у будучыню беларускага грамадства", — заявіў міністр.
Нагадаем, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1992 годзе ў Беларусі, аднак у 2005-м пад ціскам уладаў быў перанесены ў Вільню. Цяпер універсітэт налічвае 1800 студэнтаў, большасць з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі.