Бабруйскі спартдыспансер закупляе стэроід, на якім падлавілі Армстранга

У канцы мінулага тыдня легендарны велагоншчык Лэнс Армстронг прызнаўся ва ўжыванні допінгу і іншых забароненых рэчываў. У прыватнасці, сяміразовы пераможца “Тур дэ Франс” спажываў тэстастэрон, картызон і гармоны росту.

За дзень да прызнання на беларускім сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн з’явілася тэндарная аб’ява пра набыццё рэчыва, якім карыстаўся Армстранг, — картызону. Замоўцу — Бабруйскаму гарадскому дыспансеру спартовай медыцыны (БГДСМ) — патрэбны і іншыя глюкакортыкастэроіды.

Зазіраем на сайт Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва і яшчэ раз упэўніваемся: гэтыя рэчывы — сярод забароненых.

Тэлефануем у БГДСМ і цікавімся ў кантактнай асобы, Валянціны Крамянецкай, ці сапраўды выстаўлялася такая тэндэрная аб’ява. Аказваецца, усё праўда.

Валянціна Крамянецкая: “План закупак нам дае галоўная медсястра”.

Навошта спартоваму дыспансеру спатрэбіліся прэпараты, якія забаронены для ўжывання ў спорце?

“Гэтыя сродкі звычайна не выкарыстоўваюцца для спартсменаў. У нас ёсць і іншыя пацыенты: трэнеры, якія не павінны праходзіць допінг-кантроль, — тлумачыць галоўны ўрач БГДСМ Алена Капыленка. — Да таго ж мы падаем платныя паслугі насельніцтву. То бок гэта для агульнай дзейнасці нашай установы, а не для таго, каб уводзіць допінг спартсменам”.

Галоўны ўрач тлумачыць, чаму без глюкакортыкастэроідаў нельга абысціся.

Алена Капыленка: “Гэтыя прэпараты выкарыстоўваюцца пры разнастайных вострых неадкладных станах. У першую чаргу гэта алергічныя рэакцыі, якія могуць здарыцца на любыя ўведзеныя рэчывы. Напрыклад, у чалавека анафілактычны шок, што трэба рабіць? Уводзяцца гармоны, то бок глюкакортыкастэроіды”.

Тэарэтычна увесці картызон магчыма і ў арганізм дзейнага спартсмена. Антыдопінгавыя правілы прадугледжваюць, што ў выключных выпадках гэту працэдуру магчыма легалізаваць.

Алена Капыленка: “Калі ў выбітнага спартсмена здарыцца вострая паталогія анафілактычны шок — я забудуся пра ўсё, бо мне патрэбна выратаваць чалавека. Спартсмен высокага класу можа выкарыстоўваць такія сродкі ў выключных сітуацыях. Для гэтага ўрач рыхтуе спецыяльны запыт на выкарыстанне такіх прэпаратаў, а камісія Антыдопінгавага камітэта дае дазвол. Напрыклад, Б’ёрндален выкарыстоўвае забароненыя гармоны ў выглядзе спрэю, бо ў яго бранхіяльная астма”.

Вымушанае ўжыванне картызону і іншых забароненых рэчываў павінна запісвацца ў так званы допінг-аркуш.

Калі працэс такім чынам легалізуюць, то пазней да спартсмена не ўзнікае прэтэнзій ад допінг-афіцэраў.

Картызон стаў выкарыстоўвацца ў тэрапеўтычных мэтах яшчэ ў 1950-я гады. Ін’екцыі рабілі супраць запалення падчас артрытаў.

Нядобрасумленныя спартсмены ўжываюць картызон для больш хуткага ўзнаўлення запалення суставаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі