Абаронца Ягор Філіпенка гуляў за БАТЭ ў якасці... брамніка (відэа)
Матч БАТЭ з мінскім "Дынама" стаў сапраўдным кашмарам для Віктара Ганчарэнкі: траўму атрымаў Віталь Радзівонаў, а галкіпера Аляксандра Гутара выдалілі з поля.
У нядзелю прайшлі шэсць матчаў 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Цэнтральным паядынкам тура быў матч у Барысаве БАТЭ і мінскага "Дынама". Ён атрымаўся вельмі цікавым і закончыўся ўнічыю 2:2. Мінчукі двойчы вялі ў ліку пасля трапных удараў Фурлана (на 49-й, з пенальці, і 73-й). Аднак спачатку Віталь Радзівонаў на 65-й хвіліне зраўняў лік (і атрымаў пры гэтым траўму), а на 75-й хвіліне вызначыўся Ягор Філіпенка.
Апошнія 14 хвілін гульні, пасля выдалення галкіпера барысаўчан Аляксандра Гутара, у браме яго замяніў абаронца Ягор Філіпенка. Аднак дынамаўцы ў канцоўцы матча не здолелі прабіцца да варот БАТЭ, каб забіць пераможны мяч — гаспадары поля кантралявалі гульню.
У іншых матчах былі зафіксаваныя наступныя вынікі: "Мінск" — "Шахцёр" (Салігорск) — 1:1, "Белшына" (Бабруйск) — "Тарпеда-БелАЗ" — 1:1, "Віцебск" — "Дынама" (Брэст) — 3:0, "Гомель" — "Нафтан" (Наваполацк) — 1:0, "Нёман" (Гродна) — "Дняпро" (Магілёў) — 1:1.
У БАТЭ цяпер 49 ачкоў, у "Шахцёра" — 40, у "Гомеля" 35 ачкоў і гульня ў запасе, у мінскага "Дынама" 32 ачкі.
Матчы наступнага, 24-га тура, пройдуць 10-11 верасня. Сярод іншых адзначым паядынак "Шахцёра" і БАТЭ.