БАТЭ прайграў "Фенербахчэ" з лікам 0:1 і выбыў з Лігі Еўропы (відэа)
Матч 1/16 фінала прайшоў у Стамбуле пры пустых трыбунах (нагадаем, УЕФА наклаў санкцыі на турэцкі клуб).
Адзіны гол у браму барысаўчан забіў у канцы першага тайма з пенальці Бароні (11-метровы прызначылі за фол Гарбунова).
Стартавы склад БАТЭ быў наступны: Гарбуноў, Юрэвіч (капітан), Філіпенка, Гайдучык, Бардачоў, Валадзько, Аляхновіч, Рудзік, Глеб, Бага, Радзівонаў. На 64-й хвіліне Паўлаў замяніў Валадзько, на 75-й Алексіевіч выйшаў на поле замест Юрэвіча, на 84-й хвіліне Мазалеўскі замяніў Бардачова.
Большую частку матча барысаўчане гулялі ў меншасці — на 20-й хвіліне пасля другой жоўтай карткі з поля быў выдалены Дзмітрый Бага. Дарэчы, французскі суддзя паказаў за матч 11(!) жоўтых і адну чырвоную картку.
У першым матчы камандаў, які прайшоў у Гродне, была зафіксаваная нулявая нічыя. Такім чынам, у 1/8 фінала выйшаў "Фенербахчэ".
Фота — ФК БАТЭ