Беларусь — "белая пляма" на турыстычнай мапе?
Эксперты Сусветнага эканамічнага форуму апублікавалі рэйтынг краін паводле ўзроўню турыстычнага рынку. Становішча з турызмам ў Беларусі нават не разглядалася.
Першае месца, як і ў леташнім рэйтынгу, заняла Швейцарыя, услед за ёй — Нямеччына і Францыя. Краіны СНД і суседзі Беларусі занялі наступныя месцы: Эстонія — 25-е месца, Латвія — 51-е, Літва — 55-е, Расія — 56-е, Грузія — 73-е, Азербайджан — 83-е, Украіна — 85-е, Арменія — 90-е, Казахстан — 93-е, Малдова — 99-е, Кыргызстан — 107-е, Таджыкістан — 118-е.
Беларусь, адзіная з краін рэгіёна, у рэйтынг не патрапіла наогул.
Кожную краіну ацэньвалі паводле 14 крытэраў: заканадаўства, стан навакольнага асяроддзя, бяспека, ахова здароўя, прыярытэты турызму, інфраструктура паветранага і наземнага транспарту, турыстычная інфраструктура, развіццё сувязі і камунікацыяў, коштавая палітыка, чалавечыя, нацыянальныя і культурныя рэсурсы.
Даследаванне падрыхтавана сумесна з Міжнароднай асацыяцыяй паветранага транспарту, Сусветным саветам па падарожжах і турызму, Сусветнай турысцкай арганізацыяй ААН, паведамляе ale.by.