Беларуская футбольная зборная згуляе на Алімпіядзе!

У суботу на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы ў Даніі прайшоў матч за 3-е месца альбо за пуцёўку на Алімпіяду ў Лондане. Гулялі зборныя Беларусі і Чэхіі, няўдачнікі паўфінальных матчаў, якія ўжо забяспечылі сабе бронзавыя медалі.

Наша каманда здолела аднавіцца пасля цяжкай гульні з Іспаніяй і тактычна граматна правяла сённяшні матч. Яго асаблівасцю была вялікая колькасць парушэнняў. У першым тайме ў беларусаў папярэджанні атрымалі Вераціла (26-я хвіліна), Варанкоў (45), у другім — Скавыш (60) і Гутар (90+1). У чэхаў папярэджанне меў Ваха (31-я хвіліна). На 75-ай хвіліне яго выдалілі з поля пасля другой жоўтай карткі (падыграў сабе рукой у штрафной пляцоўцы беларусаў). Пасля "жоўтыя" яшчэ пабачылі Козак (78-я) і Гецаў (82-я).

Калі ў першым тайме больш атакавалі чэхі, дык у другой палове гульні — беларусы, якія да таго ж былі ў большасці. Нарэшце наша каманда пачала ствараць галявыя моманты, але рэалізаваць іх не магла. Аж пакуль не забіў такі важны мяч Ягор Філіпенка. Беларуская футбольная зборная ўпершыню згуляе на Алімпійскіх гульнях!

Нагадаем, да такога поспеху маладзёжную зборную Беларусі прывёў галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў.

Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Гутар, Вераціла, Філіпенка, Паліцевіч, Мацвейчык (Палякоў, 78), Драгун, Сівакоў (к), Няхайчык, Варанкоў, Перапечка (Бага, 34), Скавыш (Рэкіш, 83).

Маладзёжная (алімпійская) зборная Беларусі вяртаецца ў Беларусь у нядзелю, 26 чэрвеня. Рэйс з Франкфурта прылятае ў аэрапорт "Мінск-2" у 18.05.

Фота — uefa.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі