Беларусь можа набываць ядзернае паліва не толькі ў Расіі
У Беларусі ёсць магчымасці для дыверсіфікацыі паставак ядзернага паліва для будучай АЭС.
Пра гэта 23 сакавіка заявіў дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Беларусі Мікалай Груша.
Міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі гарантуе пастаўкі паліва цягам усяго перыяду эксплуатацыі АЭС, а таксама вяртанне адпрацаванага паліва расійскай вытворчасці. Аднак дырэктар дэпартамента адзначыў: "Але гэта зусім не значыць, што мы не будзем разглядаць магчымасць іншых паставак, калі гэта будзе эканамічна мэтазгодна".
У якасці альтэрнатыўных краін-пастаўшчыкоў ён назваў Кітай і Ўкраіну. У той самы час Груша заявіў, што гэтыя альтэрнатывы маюць сур'ёзны недахоп — адпрацаванага паліва ад іншых пастаўшчыкоў Расія на ўтылізацыю і захоўванне не прыме.