Беларусь не ўключылі ў спіс удзельнікаў дызайнерскага конкурса
Прычына ў тым, што нашу краіну... не ўключылі ў гэты спіс летась.
У Польшчы абвешчаны міжнародны конкурс “Design by...” для маладых дызайнераў з краінаў цэнтральнай Еўропы. Сярод удзельнікаў прысутнічаюць Літва, Латвія, Украіна, Расія, аднак Беларусі ў спісе няма.
Ігнараванне Беларусі не было абумоўлена палітычнымі фактарамі, кажа прадстаўніца арганізатара Катажына Віхар-Лямбрычак:
"Мы не хацелі выключыць ніводнай дзяржавы. Мы выбралі такія, з якімі ўжо мелі кантакт з нагоды леташняга конкурсу "Future Generation", арганізаванага разам з Міжнароднымі таргамі ў Познані. Не было тут ніякіх палітычных фактараў. Абсалютна! Проста мы выбралі тыя краіны, плюс Турцыя ды Расія, бо з гэтымі краінамі мы супрацоўнічалі летась і яны ведалі пра конкурс”.
Адзначым, што міжнародны конкурс прызначаны для тых дызайнераў, якія ў сваёй творчасці арыентуюцца на мясцовыя рэгіянальныя традыцыі.