Беларусь вяртаецца на зімовы час?

120917_eurafokus.mp3

Беларускія метролагі пакуль што не рупяцца. Тым часам, 19 верасня расійскі парламент канчаткова абмяркуе законапраект пра вяртанне зімовага часу. Пра гэта Еўрарадыё паведамляе старшыня камітэта па ахове здароўя Дзярждумы Сяргей Калашнікаў:


“На 27 верасня запланаваны наступны круглы стол, будзе абмяркоўвацца ўжо ўнесены законапраект. Адпаведна, паміж 19 і 27 верасня закон будзе ўнесены ў Думу”.

Нагадаю, вярнуць зімовы час расіянам паабяцаў не хто-небудзь, а Уладзімір Пуцін. Гэта было ў лютым 2012 года, калі Пуцін быў кандыдатам у прэзідэнты Расіі.


“Я высока ацэньваю шансы гэтага законапраекта з той простай прычыны, што зваротаў з нагоды няўдалага папярэдняга пераводу ў 2011 годзе дастаткова”, — працягвае Сяргей Калашнікаў.


Летась Беларусь адмовілася ад пераходу на зімовы час разам з Расіяй. Дзяржстандарт аргументаваў гэтае рашэнне “узгодненым з дзяржавамі-ўдзельніцамі Мытнага саюза падлічваннем часу”. А вось Еўропа (уключна з Украінай) у 2011 годзе перавяла гадзіннікі на гадзіну назад, як і заўжды. Паўгода пасля гэтага наша краіна не супадала па часе з усімі (!) суседзямі, а розніца паміж Гроднам і Беластокам дасягнула дзвюх гадзінаў!

 
Беларусь у адным часавым поясе з Іракам і Саудаўскай Аравіяй, краінамі Усходняй Афрыкі і Мадагаскарам.


Паводле слоў Сяргея Калашнікава, у найбольш нязручным становішчы апынуліся пасля адмовы ад зімовага часу жыхары еўрапейскай часткі Расіі. То бок, бліжэйшыя суседзі беларусаў.


“Людзей палохае наступная зіма. Людзі не хочуць паўтарыць тое, што было ў папярэднюю. Што праўда, не ўсе рэгіёны Расіі сёння жывуць са зрухам у дзве гадзіны. Такіх рэгіёнаў усяго 22. Але гэта 80% насельніцтва і 40% тэрыторыі. І вось з гэтых рэгіёнаў ідзе проста вал лістоў”.


Як даведалася Еўрарадыё, у Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі пакуль што вяртанне зімовага часу не абмяркоўваюць:


“Ні да якіх зменаў мы не рыхтуемся. Пакуль што ніякіх іншых рашэнняў, акрамя леташніх, няма. Дарэчы, мы кантактуем з калегамі з Дзяржаўнага эталона часу і частаты Расіі. І яны нам пакуль што ніякай пэўнай інфармацыі не давалі”, — распавядае загадчык сектара часу і частаты Інстытута метралогіі Аляксандр Галыга.


Калі беларусы ў пытанні пераходу на зімовы час аглядаюцца на Усход, дык украінцы, наадварот, арыентуюцца на Еўропу. Таму адмаўляцца ад пераходу на зімовы час наша паўднёвая суседка сёлета не збіраецца. Распавядае Раксалана Цырук, прэс-сакратарка “Укрметртэстстандарта” — украінскага аналага нашага Інстытута метралогіі:


“І навукоўцы, і захавальнік часу, які ёсць у “Укрметртэстстандарце”, кажуць, што і для людзей, і для дзяржавы лепш пераходзіць на зімовы і летні час, як гэта было раней. Дактары сцвярджаюць, што гэта лепш для арганізма, але галоўная прычына — эканамічная. Калі мы не будзем пераходзіць, па эканоміцы Украіны гэта вельмі моцна ўдарыць, бо ўсё сінхранізавана і з еўрапейскім, і з сусветным часам. Усё гэта ў нас пралічана”.

 
Паводле слоў Аляксандра Галыгі, беларусам на тое, каб падрыхтаваць пераход на зімовы час, патрэбны як мінімум месяц. Звычайна ж гэтае пытанне вырашаецца цягам паўгода… Таму пажадана, каб Саўмін прыняў адпаведную пастанову як мага хутчэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі