Беларусам пакажуць штодзённую рэальнасць Ізраіля

Самыя свежыя стужкі ізраільскіх рэжысёраў пакажуць беларускім гледачам у кінатэатры “Цэнтральны” падчас традыцыйнага Фестывалю ізраільскага кіно. Паказы пачынаюцца 1 лістапада фільмамі “Сальса Тэль-Авіў” і “У пяці гадзінах ад Парыжу”, якія атрымаў прызы “За лепшы фільм” і “Лепшы сцэнар” на Хайфскім міжнародным фестывалі.
 
Увогуле, гаворыць консул амбасады Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Ганна Бэн-Эзра падчас урачыстага адкрыцця Фестываля, сёлета яны абралі для паказаў найлепшыя фільмы апошняга года. І прызнаецца, калі б яна не мела толькі тры месяцы на падрыхтоўку да фестывалю, то і фільмаў было б больш за прадстаўленыя 6, і рэжысёраў ізраільскіх, як і летась, на сустрэчу з беларускімі гледачамі запрасілі б.

Ганна Бэн-Эзра: “Я прыехала сюды толькі тры месяцы таму і не было магчымасці арганізоўваць больш шырокае мерапрыемства. Але ўжо зараз магу вам паабяцаць, што ў наступным годзе будуць запрошаныя рэжысёры. З кожным годам мы будзем усё вышэй у арганізацыі. У наступным годзе мы прывязем не толькі самыя новыя фільмы, але і самых нашых вядомых рэжысёраў”.

Мэта фестывалю — пазнаёміць беларусаў з ізраільскай культурай, а таксама з дапамогай фільмаў распавесці пра тое, чым жыве Ізраіль і ізраільцяне. І гэта, папярэджвае консул, не толькі шчаслівыя моманты на беразе мора пад ласкавым сонцам.

Ганна Бэн-Эзра: “Гэтыя фільмы, якія мы прывезлі, не заўсёды паказваюць нейкую ідэальную карціну, якой няма насамрэч. У Ізраілі свае цяжкасці, свая штодзённая рэальнасць, якая бывае няпростай, з рэзкімі кантрастамі. І гэта трэба разумець. Я думаю, пасля таго, як вы пабачыце некаторыя фільмы з тых, якія мы сёлета прывезлі, вы зразумееце, што я маю на ўвазе”.

Фестываль працягнецца да 3 лістапада і прадставіць 6 фільмаў. Але кожны з іх, насамрэч, выбітны — дастаткова паглядзець, колькі прызоў і ўзнагарод яны атрымалі на розных міжнародных кінафестывалях. Таксама консул спадзяецца на тое, што пасля прагляду карцін мы лепей уявім сабе рэаліі штодзённага жыцця іх краіны. А яна, прызнаецца Ганна карэспандэнту Еўрарадыё, з пэўнай насцярогай чакае беларускай зімы, якая прадставіць рэаліі нашага жыцця.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі