Беларуская пракуратура правярае тэлеканал “Белсат”
Паводле неафіцыйных крыніцаў, гэтая праверка мае скончыцца праз месяц.
Інфармацыя пра чарговую цікаўнасці праваахоўных органаў да працы гэтага тэлеканалу стала вядомая пасля затрымання незалежнага тэлеаператара Алеся Любенчука. На думку прадстаўніка гэтага СМІ ў Беларусі Міхася Янчука, гэта звязана з тым, што ў найбліжэйшы час “Белсат” збіраецца падаваць дакументы на акрэдытацыю. Таму цалкам імаверна, што ўжо загадзя ідзе пошук фармальных падставаў для адмовы.
“Белсат” двойчы падаваў дакументы на акрэдытацыю ў Беларусі — тры і два гады таму. Першая адмова была з фармулёўкай “Пададзеныя дакументы не адпавядаюць заканадаўству”. Другі раз адмовілі ў сувязі з тым, што ёсць шматлікія парушэнні ў дзейнасці журналістаў каналу, якія выявіла менавіта пракуратура. Размова ішла пра працу без акрэдытацыі.
Спадарожнікавае тэлебачанне “Белсат” — гэта першы незалежны тэлеканал у Беларусі. Ён вяшчае з 10 снежня 2007 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання, дзе і месціцца афіцыйная рэдакцыя “Белсату”. На тэрыторыі Беларусі канал не мае афіцыйнага статусу, і яго праца абапіраецца на фрылансераў.