Беларускія дэпутаты: Еўрапарламент пакутуе на комплекс перавагі
Дэпутаты Нацыянальнага сходу прынялі заяву ў адказ на ўчорашнюю рэзадюцыю Еўрапарламента.
У ёй гаворыцца, што Еўрапарламент застаецца ў палоне састарэлых стэрэатыпаў, схіляецца да метадаў сілавога ціску і дэманстратыўнага комплексу перавагі. Заяву прынялі дэпутаты Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы і Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, што Еўрапарламент ухваліў кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму і бізнэсоўцаў, якія яго падтрымліваюць. Таксама рэзалюцыя заклікае перанесці з Беларусі чэмпіянат свету па хакеі, прызначаны на 2014 год. Еўрапарламент заклікае Мінск вызваліць палітвязняў і спыніць пераслед палітычных апанентаў і СМІ.
На думку дэпутатаў Нацыянальнага сходу, у рэзалюцыі ёсць заклікі да ўздзеяння на палітычныя працэсы ў нашай краіне, у тым ліку шляхам фінансавання няўрадавых арганізацый, адкрыты ціск на міжнародныя спартовыя арганізацыі. Гэтыя метады не адказваюць інтарэсам грамадзян Беларусі і дзяржаваў Еўрасаюза, лічаць парламентары.
Разам з тым дэпутаты выказваюць гатовасць да дыялогу з еўрапейскімі парламентарыямі.
Фота — bymedia.net