Беларускія паэты адмовіліся ад запрашэння афіцыйнага саюза пісьменнікаў
Ім прапаноўвалі ўдзельнічаць у круглым стале на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
Круглы стол, прысвечаны маладой літаратуры, мае адбыцца 9 лютага. Ладзяць яго Саюз пісьменнікаў Беларусі ды холдынг "Літаратура і Мастацтва" ("ЛіМ").
Адзін з запрошаных — паэт Віталь Рыжкоў, чыя кніга "Дзверы замкнёныя на ключы" рыхтуецца да другога выдання. Як сказаў Віталь у гутарцы з Еўрарадыё, ён быў вельмі здзіўлены запрашэннем:
Рыжкоў: "Я быў здзіўлены — запрашалі чамусьці па-руску. Адзінае беларускамоўнае слова, якое прагучала з вуснаў дзяўчыны, якая мяне запрашала, гэта была абрэвіятура "ЛіМ".
Рыжкоў, аднак, ад запрашэння адмовіўся: ён мяркуе пайсці толькі на сваю аўтограф-сэсію, якая пройдзе 9 лютага а 14-й на стэндзе кнігарні "Логвінаў".
Дарэчы, запрашэнні паступілі не толькі паэтам, якія не ўваходзяць ні ў якія творчыя аб'яднанні, як Віталь Рыжкоў. На кніжную выставу запрасілі сяброў апальнага Саюзу беларускіх пісьменнікаў Анатоля Івашчанку і Усевалада Сцебураку. Яны таксама адмовіліся. У каментары Еўрарадыё Сцебурака патлумачыў прычыны:
Сцебурака: "Я не думаю, што гэта будзе карысна і патрэбна. Гэта хутчэй будзе для вонкавай прадстаўнічасці гэтага форума. Наколькі я ведаю, не я адзін адмовіўся... Я стаўлюся да саюза, створанага штучна, — думаю, як усе свядомыя, адэкватныя людзі, якія разумеюць, што гэта прафанацыя. Удзельнічаць у ёй не карысна ні для творчасці, ні для прыватнай асобы. І пазней будзе сорамна за такія хады. Гэта не ёсць дыялог паміж нейкімі там плынямі..."
На фота: Усевалад Сцебурака і Віталь Рыжкоў ( budzma.org, radzimaphoto.com)