Беларускія выбары раскрытыкавалі нават калегі з СНД
Не спраўдзіліся ілюзіі нават парламентароў з Украіны, Азербайджана і Малдовы ды іншых краін постсавецкай прасторы.
Крытыка беларускіх парламенцкіх выбараў прагучала ад парламентароў краін-сябраў Усходняга партнёрства падчас пасяджэння рабочай групы Еўрапарламента па Беларусі ў фармаце Еўранэста 11 кастрычніка. Сведкам крытычных выступаў стаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
“І прадстаўнік Азербайджана, і Малдовы, і спадар Тарасюк, былы міністр замежных спраў Украіны (сустаршыня Парламенцкай асамблеі Еўранэста), дастаткова рэзка ацэньвалі сітуацыю, якая сёння ў Беларусі, дзеянні беларускіх уладаў. Яны казалі, што сітуацыя значна пагоршылася, што спадзяванні, якія былі, не спраўдзіліся, ілюзій няма”.
Таму ад супрацы з новаабранымі беларускімі калегамі ў фармаце Еўранэста яны адмовіліся. А вось ці аддадуць “беларускія месцы” ў гэтай структуры прадстаўнікам беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці яшчэ будзе вырашацца. Справа ў тым, што працоўная група па Беларусі Еўрапарламента ў фармаце Еўранэста атрымала мандат на яшчэ год працы. Нават ужо было прызначанае чарговае пасяджэнне — на вясну 2013 года. А гэта азначае, упэўнены Лябедзька, што пляцоўка ў беларускай апазіцыі ў еўраструктурах застаецца.
Нагадаем, на сустрэчы ў Еўрапарламенце абмяркоўваліся вынікі парламенцкай кампаніі ў Беларусі і перспектывы развіцця сітуацыі. Па выніках абмеркавання рыхтуецца спецыяльная рэзалюцыя Еўрапарламента.
Фота — bymedia.net