Эканомім на Лядовых палацах, проста не будуючы іх!

120810 Savich Budoula.mp3

У Слоніме замест Лядовага палаца прапанавалі пабудаваць разборны каток. Мясцовыя ўлады гэта абурае:

“Ну як… шапіто! Мы падумалі, і ён нам не спадабаўся. Спадзяемся, падчас Дажынак у 2012 годзе мы пабудуем Лядовы палац”, - кажуць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Слоніма.

Няма фінансавання, аб’ект будуць кансерваваць, будаўніцтва перанеслі на… няпэўны тэрмін – прыкладна так адказваюць у райвыканкамах краіны, дзе павінны, згодна з рэспубліканскай праграмай, да 2014 года здаць Лядовыя палацы. Прычына гэтага, як заўважаюць у адным з райвыканкамаў: “ну вы ж ведаеце, не вельмі спрыяльнае эканамічнае становішча ў краіне”.

У Мазыры з будаўніцтвам Лядовага палаца аніякіх зрухаў. Няма і самога Лядовага палаца.

“Пакуль што толькі на паперы, як дадуць грошай, будзем будаваць. Нашы прагнозы не супадаюць са сродкамі, якія выдаткоўваюцца, — уздыхаюць супрацоўнікі аддзелу спорту і турызму Мазырскага райвыканкама. – Цяпер будуем Спартыўна-аздараўленчы комплекс”.


Жыхарка Мазыра Ірына чамусьці думае, што будуюць у горадзе менавіта Лядовы палац!

“Напэўна, гэта ён будуецца ў нас. Хацелася б, вядома Лядовы палац — у мяне сын расце”, - прызнаецца Ірына.

Жанчына вельмі здзіўляецца, што Лядовыя палацы на лета амаль паўсюль закрываюцца.

“Дык навошта такі палац? Сэнс у ім”, - пытаецца Ірына, ўжо і так расчараваная маёй заўвагай, што ў Мазыры будуецца не “лядоўня”.

У Рэчыцы Лядовы палац павінен адкрыцца ў 2013 годзе, але пакуль што чыноўнікі нават з месцам будаўніцтва не вызначыліся:

“Перанеслі, бо ў Гомелі – Дажынкі. Думаю, нам патрэбны Лядовы палац – у нас кожную зіму заліваюць каткі, вельмі добрыя пракаты – людзі ходзяць, але гэта вельмі цяжка, немэтазгодна заліваць каткі!”, — сумняваецца дзяўчына ў райвыканкаме.

О як! Заліваць пляцоўкі немэтазгодна, а вось — трымаць цэлы Лядовы палац — так!

А вось будаўніцтва Лядовага палаца ў Шклове, якое пачалі ў верасні 2010 года, хутчэй за ўсе, закансервуюць:

“Мы асвоілі 9,2 мільярда, забілі сваі, а далей фінансавання няма. Спадзяемся, што нас ўключаць у праграму рэспубліканскую фінансавання, — кажуць ва ўпраўленні будаўніцтва. І ўкрадкай дадаюць. — Мы рады, што будзе Лядовы палац, але і ад новай бальніцы не адмовіліся б!”


Адзіны радасны вокліч пра будаўніцтва палаца Еўрарадыё ўдалося пачуць ў Горках:

“У нас Дажынкі – 14 верасня! Усе аб’екты будуць здадзены да Дажынак!”, — не хаваюць сваёй радасці ў райвыканкаме.

Дарэчы, ў Горках, па прагнозах супрацоўнікаў райвыканкама, Лядовы палац будзе прыносіць прыбытак, што пакуль што беларускім лядовым палацам не вельмі ўдавалася.

Цяпер, па падліках Еўрарадыё, у краіне існуе больш за два дзесяткі “лядовых”, а да 2014 года павінна быць 52! Так што ўсё яшчэ наперадзе!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі