Беларусы, памілаваныя Пуціным, вярнуліся на радзіму
Пра тое, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін памілаваў дваіх грамадзян Беларусі, асуджаных за таблеткі ад кашлю, стала вядома 1 чэрвеня.
Як піша газета Іntex-press, днямі Сяргей Лагун і Аляксандр Чачураў вярнуліся ў Баранавічы. Цяпер яны спрабуюць уладкаваць сваё жыццё і будуюць планы.
"Я ўпэўнены, што нашы ўлады маглі з самага пачатку зрабіць так, каб нас вызвалілі, але не зрабілі, таму не магу сказаць, што я ганаруся тым, што грамадзянін Беларусі, але тым не менш дзякуй хоць бы за тое, што мы выйшлі праз пяць гадоў, а не 14, бо прысуд быў менавіта такім", — кажа Аляксандр Чачураў.
Еўрарадыё неаднаразова паведамляла пра гэтую сітуацыю. Пяць гадоў
таму беларусы прывезлі ў Маскву тысячу польскіх таблетак "Тусал" пасля
таго, як супрацоўнік расійскай Федэральнай службы па кантролю за
абаротам наркотыкаў замовіў іх партыю праз інтэрнэт. Пры гэтым ён
прадставіўся аптэкарам. У выніку, хлопцаў затрымалі. У 2007 годзе Сяргей Лагун і Аляксандр Чачураў былі асуджаныя "за кантрабанду псіхатропных рэчываў" на 14 гадоў зняволення кожны. У канцы
2007-га Маскоўскі гарсуд знізіў тэрмін беларусам да 9 гадоў.
За вызваленне аднаго з затрыманых землякамі нават збіраліся подпісы.
Маскоўскі адвакат беларускіх “наркадылераў” Станіслаў Маркелаў (праз некалькі гадоў яго застрэліць кілер) пасля суда заявіў, што гэта была звычайная правакацыя.
Нагадаем, "Тусал" у той час свабодна прадаваўся ва ўсіх беларускіх аптэках, але не быў уключаны ў пералік зарэгістраваных у Расіі прэпаратаў. Гэтыя таблеткі ўтрымліваюць псіхатропнае рэчыва ў малых дозах.
Указ аб памілаванні беларусаў Уладзімір Пуцін падпісаў 30 траўня, напярэдадні свайго афіцыйнага візіту ў Беларусь.
Фота — intex-press.by