Беларусы ў Лондане правядуць альтэрнатыўны суботнік
Сайт belarusians.co.uk і Беларуская каталіцкая місія ў Англіі 21 красавіка зладзяць інтэлектуальны суботнік для Беларусі.
Арганізатары збіраюцца папоўніць Вікіпедыю звесткамі пра Беларусь і беларускую мову. Яны лічаць такую акцыю добрай нагодай сабрацца беларусам дзеля стваральнай працы на карысьць роднай культуры. Прыдумаў гэтую акцыю бібліятэкар Ігар Іваноў:
Ігар Іваноў: “Я размаўляў з сябрамі з Беларусі, якія распавядалі, што яны – людзі з універсітэцкай адукацыяй – вымушаныя збіраць смецце на Кургане Славы. Яны робяць гэта задарма, замест таго, каб рабіць тое, у чым яны адмыслоўцы. У мяне з’явілася адчуванне, што трэба прапанаваць альтэрнатыўны варыянт суботніка — добраахвотную справу, якая была б і забаўляльнай, і карыснай”.
Арганізатары адзначаюць, што Вікіпедыя цяпер — асноўная крыніца першапачатковых ведаў для вельмі многіх людзей у свеце. А беларуская прысутнасць там параўнальна малая і часта вельмі тэндэнцыйная.
Ігар Іваноў: “Мы будзем пісаць па-беларуску пра нейкія агульныя рэчы: пра медыцыну ці маркетынг. Але калі справа датычыць Беларусі: гісторыі якогасьці мястэчка ці музыкі, вядомага беларуса – то мае сэнс пра гэта пісаць і па-беларуску, і па-англійску, і па-французску і г.д. Мы будзем пісаць на ўсіх мовах, на якіх мы можам пісаць”.
Удзельнікі, што ўжо пацвердзілі свой удзел – пераважна студэнты або маладыя прафесіяналы, якія жывуць у Лондане. Некалькі жыхароў Мінска ды Масквы таксама захацелі далучыцца да суботніка. Сувязь з імі будзе арганізаваная праз скайп. Арганізатары разлічваюць, што гэта праца будзе працягвацца і пасля суботніка.
Фота — novobel.gov.by