Беларусы збілі і абрабавалі ў Расіі мужчыну
За разбойны напад ў горадзе Зеленаград затрыманыя трое жыхароў нашай краіны.
Сайт netall.ru паведамляе, што беларусы збілі мінака, затым канцылярскім нажом парэзалі яму падбароддзе, а пасля адабралі заплечнік, мабільны тэлефон і 600 рублёў (каля 20 долараў). Пацярпелы змог дайсці да бліжэйшага паліцэйскага патруля. Там яму выклікалі “хуткую дапамогу”, а паліцэйскія накіраваліся на пошукі падазраваных. Праз 20 хвілін зламыснікі былі затрыманыя непадалёк ад месца злачынства.
Імі былі жыхары Беларусі ўзростам 21, 25 і 29 гадоў. Следчыя высветлілі, што маладыя людзі прыехалі ў Зеленаград на заробкі 13 ліпеня. Пасля працоўнага дня яны выпілі, а калі грошы на спіртное скончыліся, падышлі на вуліцы да мужчыны і запатрабавалі іх у яго. Атрымаўшы адмову, беларусы прыняліся збіваць мужчыну.
Супраць беларусаў узбуджана крымінальная справа за разбой. Усе яны цяпер знаходзяцца пад вартай.