"Белай Русі" дапамагаюць справіцца з пераходным узростам?
Эксперты ўпэўненыя – сваімі прапановамі ЦВК падганяе выбарчае заканадаўства пад інтарэсы ўлады.
Выбарчы працэс у нашай краіне стане яшчэ больш ліберальным і дэмакратычным — у гэтым упэўнены сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік. ЦВК ізноў мяняе выбарчае заканадаўства.
А вось намеснік лідара грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў упэўнены, што з кожнымі такімі зменамі выбарчае заканадаўства становіцца ўсё больш "нявыбарчым". Прапанова ЦВК дазволіць грамадскім арганізацыям вылучаць сваіх кандыдатаў “Гавары праўду!” не закранае.
Андрэй Дзмітрыеў: "Зарэгістравацца мы не можам ужо некалькі гадоў, хаця дакументы падаваліся неаднаразова. І значыцца, што проста пашыраецца кола праўладных арганізацый, якія будуць здольныя вылучаць псеўдакандыдатаў на такія кампаніі”.
З тым, што гэтая змена карысная выключна “Белай Русі” і БРСМ, згодны эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер.
Сяргей Альфер: “Белая Русь”, якая перарасла ўжо штанішкі грамадскага аб’яднання і хоча стаць партыяй, не можа гэтага зрабіць — яна “партыя ўлады”, а ўлада ім гэтага не дазваляе. І гэта будзе такі пераходны момант, калі здаецца, што яшчэ не партыя, але пэўныя партыйныя справы будзе вырашаць. Хаця б вылучаць сябраў кандыдатамі і казаць: “Вось, столькі нашых кандыдатаў прайшло ў дэпутаты!”.
Такую прапанову ЦВК Альфер называе “крокам назад у СССР”.
Не менш спрэчак выклікае і прапанова ЦВК прыбраць з Выбарчага кодэкса нават узгадку пра байкот. Маўляў, хочаце агітаваць за байкот — бярыце дазвол на правядзенне адпаведнай акцыі ў выканкаме. Як таго патрабуе закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Дзмітрыеў нагадвае, што за апошнія два гады арганізатары не атрымалі ніводнага дазволу на “байкотны” мітынг. З гэтым не згодны Сяргей Альфер. Маўляў, не ўмееце байкатаваць — не трэба вам і такая норма.
Сяргей Альфер: “Не было нармальнага байкоту — народ на адгукнуўся на заклік да байкоту. І можа здыманне байкоту выбараў — нягледзячы на тое, што ён прывядзе да пэўных цяжкасцяў для тых палітычных структур, якія не хочуць удзельнічаць у выбарах, а кажуць: “Толькі байкот” — з майго пункту гледжання, з’яўляецца прагрэсіўным”.
Што тычыцца прапановы ЦВК больш не даваць грошы кандыдатам на друк сваіх агітацыйных матэрыялаў ды зняцця абмежавання на памер выбарчага фонду, то і Дзмітрыеў, і Альфер лічаць гэтыя змены “тэхнічнымі”. Якія асабліва не адаб’юцца на самім працэсе выбараў.
Сяргей Альфер: “Гэта з’яўляецца працягам палітыкі дзяржавы па падгоне выбарчага заканадаўства пад інтарэсы кіруючай улады”.
Суразмоўцы Еўрарадыё адзначаюць, што спецыялісты з ЦВК упарта не заўважаюць тыя прапановы, якія ім падказваюць эксперты, з-за іншага боку барыкад. А такіх прапаноў шмат. Ідуць яны ў Цэнтравыбаркам і з АБСЕ, і з апазіцыйнага асяродку, і ад незалежных экспертаў.
Фота: Змітра Лукашука, bymedia.net, Алеся Пілецкага