Берлусконі пагражае чарговы судовы працэс
Чакаецца, што на заўтрашніх слуханнях па Беларусі ў камітэце па міжнародных справах Еўрапарламента італьянскі бок не падтрымае прыняцце жорсткіх санкцыяў.
Такую пазіцыю Італіі днямі агучыў яе прэм'ер Сільвіё Берлусконі.
Між тым, самому Берлусконі неўзабаве можа спатрэбіцца зваротная маральная падтрымка афіцыйнага Мінска.
Як паведамляе euronews, сёння ў Канстытуцыйным судзе Італіі пачаліся слуханні на прадмет, ці не супярэчыць закон аб судовай недатыкальнасці прэм'ера канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці ўсіх грамадзянаў перад законам.
З такім запытам ў вышэйшы юрыдычны орган звярнуліся суддзі Мілана, дзе Берлусконі выстаўленыя абвінавачанні ў подкупе, крадзяжы і ўхіленні ад падаткаў.
Вердыкт Канстытуцыйнага суда чакаецца ў чацвер. Калі імунітэт прэм'ера будзе прызнаны незаконным, яму пагражае чарговы судовы працэс.