Братоў Мурашак за віцебскі выбух не затрымоўвалі

Маці братоў Мурашак Валянціна кажа Еўрарадыё, што да іх ніхто не прыходзіў, а сыны зараз на працы. Пра выбух даведаліся з інтэрнэту.

Валянціна Мурашка: "Ніхто не прыходзіў, не затрымлівалі, нічога не было. Звычайна, так. Нават калі ў Мінску быў выбух (3 ліпеня) нават пасярод ночы прыйшлі правяраць маіх хлопцаў, а цяпер нічога не было".

Нагадаем, што раней браты Мурашкі былі затрыманыя і абвінавачваліся за выбухі ў Віцебску ў 2005 годзе. Пасля паўгода ў СІЗА іх адпусцілі, усе абвінавачанні з іх знялі.

Віталь Мурашка ўсе гэтыя гады не выходзіў адзін у горад, хадзіў толькі да знаёмых прадаўцоў, збіраў усе чэкі, а на святы выязджаў за горад у вялікай кампаніі. Такім чынам хлопец забяспечваў сабе алібі. Міліцыянты пасля выбуху любой петарды адразу ішлі да яго.

У гэтым Віталь прызнаецца Еўрарадыё пасля абвяшчэння прысуду Канавалаву і Кавалёву:

"Я ўсе гэтыя гады быў пад вялікім псіхалагічным ціскам. Я баяўся з'явіцца ў горадзе, дзе шмат людзей, адзін, без сведкаў. Я збіраў (можа, вы будзеце смяяцца) чэкі з тых крамаў, дзе нешта набываў. Стараўся хадзіць да знаёмых прадаўцоў, якія памятаюць мяне ў твар. І гэта адыграла сваю ролю: калі да мяне прыйшлі пасля 3 ліпеня 2008 года, у мяне было алібі — я акурат набываў у шапіку праз дарогу нешта, і ў мяне быў чэк. А ўсе гэтыя святы 9 Мая, Дзень незалежнасці, Новы год — гэта ўвогуле жах! Лепш дзе-небудзь як мага далей ад горада сабрацца ў кампаніі чалавек 10 — не менш! Каб было ўсё нармальна".

На здымку з архіву: У 2005 годзе тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў назваў віцебскія выбухі хуліганствам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі