Брэсан: зборная прайграла іспанцам, БАТЭ прайграў, а заўтра — перамога?
Галоўны трэнер барысаўчан Віктар Ганчарэнка і паўабаронца Рэнан Брэсан правялі ў аўторак увечары прэс-канферэнцыю ў Валенсіі.
Нагадаем, у сераду 7 лістапада БАТЭ правядзе ў Іспаніі чарговы матч групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў (пачатак у 22.45 па беларускім часе). Іх сапернікам будзе "Валенсія". У Мінску іспанцы перамаглі з лікам 3:0. Цяпер у нашай групе па 6 ачкоў маюць БАТЭ, "Валенсія" і "Баварыя". У французскага "Ліля" ачкоў няма.
"Усе серыі калі-небудзь заканчваюцца, — цытуе словы Рэнана Брэсана сайт goals.by. — Ведаю, што зборная прайграла іспанцам, БАТЭ прайграў. Але я спадзяюся, што заўтрашні дзень стане першым у гісторыі, калі мы здабудзем перамогу над іспанскім апанентам".
Тым часам, стала вядома,што паўабаронца БАТЭ Эдгар Аляхновіч можа прапусціць матч супраць "Валенсіі" — у яго харчовае атручванне.
Фота — fcbate.by