Брэсцкаму праваабаронцу далі штраф у 350 тысяч рублёў
Сёння суд Ленінскага раёна горада прыняў рашэнне ў адміністратыўнай справе Рамана Кісляка, пратакол па якой накіраваў на дапрацоўку ў міліцыю 17 кастрычніка.
З новай рэдакцыяй суддзя Вінаградава пагадзілася і выпісала Раману Кісляку за недазволенае пікетаванне штраф у 10 базавых велічынь (350 тысяч беларускіх рублёў). Суддзя не ўзяла пад увагу нават тое, што міліцыянты казалі самі: рухаўся, не стаяў на месцы. А значыць, гэта не мог быць пікет, сказаў Раман Кісляк.
Нагадаем, 16 кастрычніка Раман Кісляк з мегафонам у руцэ ішоў па бульвары Касманаўтаў ды інфармаваў людзей пра беспадстаўнае зняволенне і надуманыя абвінавачанні Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Раман Кісляк збіраецца абскарджваць абвінавачанне ў больш высокіх інстанцыях, у тым ліку ў ААН.