Брэсцкая жонка-забойца вярнулася на старую працу
З жанчынай, якая засекла і замуравала мужа, пасля турмы і аднаўлення на працы заключылі 5-гадовы кантракт.
Пры гэтым на прадпрыемстве амаль з усімі заключаецца гадавое працоўнае пагадненне. Жанчына вярнулася ў гэтую дзяржаўную ўстанову год таму, хоць гэтага не вельмі хацела адміністрацыя, дый былыя калегі ставяцца да яе непрыхільна.
“На пяць гадоў прадоўжылі з ёй кантракт. Другія працаўнікі кажуць: вось яна працуе, і ўсё. Напачатку яна ніжэй травы была, а цяпер плявузгае, каву гатуе… Дырэктар раней прылюдна сказаў: я супраць таго, каб яна тут працавала. Больш за тое, на пачатку, калі яна прыходзіла, хацела аднавіцца, пры сустрэчы сказала, што дырэктар даў ёй поўны адлуп, назваў г..ном”, — распавёў брэстаўчанін Валерый.
Але жанчына давяла, што пры звальненні няправільна аформілі дакументы, і яе вымушаныя былі ўзяць на працу.
Нагадаем, летам 2009 года жанчына засекла спячага мужа, труп з дапамогай паўналетняга сына вывезла на лецішча і замуравала ў падвале. Забойства адкрылася ў студзені 2010 года. У ліпені суд кваліфікаваў злачынства як забойства ў стане афекту (муж нібыта здзекваўся з яе і не даваў разводу). Жанчыне далі паўтара года турмы. Яна выйшла на волю ў жніўні 2010 года па амністыі.