Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў стаў палітуцекачом
Актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і прэс-сакратар экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава вырашыў не вяртацца на радзіму.
Атрошчанкаў цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Сваё рашэнне ён патлумачыў магчымым паўторным арыштам, паведамляе "Наша ніва".
Нагадаем, што нядаўна вырашыў не вяртацца з Вялікабрытаніі ў Беларусь і Андрэй Саннікаў.
Палітолаг Юрый Чавусаў у гутарцы з Еўрарадыё адзначае, што "адсутнасць выбараў" у Беларусі прымушае апазіцыйных палітыкаў шукаць розныя выхады з сітуацыі.
Чавусаў: "Пад страхам рэпрэсіяў, а што больш важна — пад страхам адсутнасці перспектываў палітыкі выцясняюцца ў розныя іншыя сферы: у грамадзянскую супольнасць, у эміграцыю. Мы бачым, што каманда спадара Саннікава фактычна ў поўным складзе, прынамсі кіраўнічая частка каманды, апынулася за мяжой... Застаецца спадзявацца, што яны маюць нейкае бачанне, як працягваць працу на карысць дэмакратыі ў Беларусі з-за мяжы".
Аляксандру Атрошчанкаву 31 год. Ён нарадзіўся ў Мінску, вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасць, якой займаўся ад 2001 года. Браў удзел у шматлікіх акцыях, неаднаразова затрымліваўся. 20 снежня 2010-га Аляксандра Атрошчанкава затрымалі ў чарговы раз, утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У сакавіку 2011 года па "справе Плошчы" асуджаны на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Атрошчанкаў быў памілаваны і вызвалены ў верасні 2011-га. Разам з ім у Польшчу з'ехалі жонка і сын.
Фота — bymedia.net