Былы ўдзельнік прэзідэнцкай кампаніі будзе прасіць міласціну
Сяргей Рыжоў з Віцебску распаўсюдзіў зварот, у якім адкрыта заяўляе пра сваю гатоўнасць выйсці на цвінтар з працягнутай рукой.
Да сваёй спробы зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ён быў мэнэджэрам у віцебскім садавіна-гароднінавым камбінаце. Але потым быў звольнены. Вось ужо паўгода Сяргей Рыжоў беспрацоўны. Ён прызнаецца, што вядзе напаўгалоднае існаванне, бо не мае магчымасці працаўладкавацца. Яму плацяць дапамогу па беспрацоўі у памеры 70 тысяч рублёў, з якіх яшчэ і вылічваюць аліменты на ўтрыманне дачкі.
Але на цвінтар палітык выходзіць не дзеля сябе. Прынамсі так ён піша ў сваім звароце. Ён хоча сабраць сродкі для дапамогі рэпрэсаваным рэжымам беларусам. 7 жніўня спадар Рыжоў пачне прасіць міласціну ля Свята Успенскага храма ў Віцебску.