Чаму "Брэсцкую крэпасць" дагэтуль не паказваюць у беларускіх кінатэатрах?
Пакуль у расійскім пракаце фільм збірае мільёны долараў, у нас яго паказалі толькі некалькі разоў. Еўрарадыё высветліла, чаму нам не паказваюць грандыёзную стуж
Фільм "Брэсцкая крэпасць" зняты напалову "Беларусьфільмам" і
расійскай кампаніяй "Цэнтралпартнершып". На яго патрацілі каля 7
мільёнаў 256 тысяч долараў. Стужку актыўна круцяць на расійскіх экранах,
а ў Беларусі паказалі толькі некалькі разоў, у тым ліку ў самой
крэпасці і на адкрыцці фестывалю "Лістапад".
У суседняй краіне фільм ужо сабраў больш за 3 мільёны 700 тысяч долараў, распавялі Еўрарадыё у кампаніі "Цэнтралпартнершып":
"Брэсцкая
крэпасць" стаіць па ўсёй Расіі. У асноўным ва ўсіх мільённіках, Маскве,
Піцеры і маленькіх гарадах, якія самі вельмі прасілі паказаць гэты
фільм. Гэта больш за 540 экранаў. На жаль, прадзюсеры нас абмежавалі па
колькасці экранаў, таму што распісаць яго можна было б нашмат болей".
Чаму
грандыёзны фільм, пра які так шмат казалі, не паказваюць у кінатэатрах
Беларусі? У расійскай кампаніі адзначаюць, што "Брэсцкую крэпасць" на
шырокім экране мы можам зусім не ўбачыць. Паводле неафіцыйных звестак,
прадзюсер стужкі і наша Міністэрства культуры ніяк не могуць дамовіцца.
Кіраўнік "Кінавідэапракату" Васіль Коктыш кажа, што беларускія праваўладальнікі з датай выхаду фільма пакуль не вырашыліся.
"Праваўладальнік
вызначае дату выхаду ў пракат. У нас не выходзіў, бо праваўладальнік не
вызначыўся, калі выпускаць фільм у Беларусі. Заключыць дамову з
расійскімі праваўладальнікамі не атрымалася, таму што ў Беларусі
праваўладальнікам з'яўляецца нашая кінастудыя".
Каментуючы сітуацыю, прадзюсер фільма Ігар Угольнікаў выказаў занепакоенасць і паабяцаў разабрацца з праблемамі пракату стужкі ў Беларусі.
"Я
вельмі хацеў, каб прэм'ера была сапраўды ўсесаюзнай і адбылася
адначасова ў Маскве і Мінску. Я прапаноўваў ўзяць арганізацыю пракату і ў
Расіі, і ў Беларусі на сябе. Але кінастудыя "Беларусьфільм" і
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вырашылі зрабіць гэта самі,
замацаваўшы гэта сваё права рашэннем Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
На жаль, яны не змаглі ў тэрмін вырашыць арганізацыйныя моманты".
Згодна са словамі намесніка начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва Мінкульта Аляксея Бязуглага,
затрымка паказу ў Беларусі звязана з арганізацыйна-тэхнічнымі
праблемамі, а таксама пошукам грошай на копіі фільма ў высокай якасці
паводле сусветных стандартаў і нават у фармаце 3D.
"Вы
ведаеце, у нас няма аналагу падобнай маштабнай акцыі. Стварэнне
сумеснага фільма, ды і яшчэ за кошт сродкаў саюзнага бюджэту. Гэта маса
умоўнасцяў і нарматыўных дакументаў, якія абыйсці ніяк нельга, і мы
дзейнічаем у межах закону. Таму я абсалютна не драматызую сітуацыю.
Больш за тое, я мяркую, што затрымка ў часе ідзе на карысць рэкламавання
фільма і падагравае цікавасць гледача".
Акурат
падчас размовы з Аляксеем Бязуглым высветлілася, што копіі фільма для
кінатэатраў пераехалі мяжу, і ўжо ў бліжэйшыя дні "Брэсцкую крэпасць"
можна будзе пабачыць у Беларусі.
У Расіі стужку
будуць паказваць больш за 4 тыдні ва ўсіх буйных гарадах ад Смаленска
да Благавешчанска. А з 12 па 21 лістапада "Брэсцкую крэпасць" пракруцяць
у сталіцы Латвіі. У Расіі водгукі на фільм вельмі добрыя, і, на думку
пракатчыкаў, стужка вярнула давер гледача да ваеннага кіно.