“Чарнобыльскі шлях” пройдзе маршрутам Дня Волі
Арганізатары вырашылі “не блытаць людзей” і падаваць заяўку такую, якую на 99% улады задаволяць.
Аргкамітэт па арганізацыі і правядзенні “Чарнобыльскага шляху-2013” ўпершыню сабраўся 2 красавіка. Па словах Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху “За свабоду”, аргкамітэта партыі БХД, “Еўрапейскай Беларусі”, партыі “Зялёныя” і арганізацыі “Экадом” разглядалі арганізацыйна-тэхнічныя пытанні. Сярод іх абмяркоўваўся і будучы маршрут акцыі.
Анатоль Лябедзька: “Ёсць кансенсус па месцы збору — пляцоўка перад Акадэміяй навук. Трэба падаваць тое, на што з верагоднасцю 99,9% дадуць дазвол. Калі дадуць увогуле... Натуральна, ніхто не супраць таго, каб завершыць усе на пляцы Незалежнасці, але мы рэалісты ў гэтым плане. І таму — парк “Дружбы народаў”.
У падрыхтоўцы да “Чарнобыльскага шляху-2013” АГП возьме на сябе выданне адмысловага бюлетэню “Голас розуму”. Выдадуць на “чарнобыльскую” тэму дзве перадачы АГП-ТВ і плануюць паездку ў Чарнобыльскую зону. Астатнія структуры падзеляць паміж сабой іншыя абавязкі па падрыхтоўцы мерапрыемства.
Сёлета 26 красавіка, дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выпадае на пятніцу.
Фота — svaboda.org