Charter97.org каштуе $10 млн, TUT.by — $30 млн
Уладальнікі самых крутых сайтаў байнэта распавялі, як іх “куплялі” і як яны ацэньваюць свой бізнэс.
“Паводле ацэнак незалежных экспертаў, “Хартыя’97” каштуе 10 мільёнаў умоўных адзінак. Галоўны крытэр, натуральна, — наведвальнасць сайта. І цытуемасць, абсалютна па ўсіх паказчыках”, — распавядае галоўны рэдактар сайта Наталля Радзіна.
Еўрарадыё вырашае даведацца, колькі зараз каштуюць самыя буйныя беларускія сайты. Тым больш, што зараз, праз крызіс, байнэт істотна патаннеў, лічыць заснавальнік TUT.by Юрый Зісер:
“Бо зараз у краіне крызіс. Ён яшчэ не прайшоў. І, на жаль, у Беларусі не найлепшы інвестыцыйны імідж. Бо тыя ж самыя інвестары, незалежна ад таго, інтэрнэт — не інтэрнэт, яны калі чуюць “Беларусь”, у іх твар перакошваецца. І ўсе размовы на гэтым сканчаюцца. Таму што яны ўвесь час чытаюць пра нашыя рэпрэсіі, пра санкцыі. І для інвестараў Беларусь — гэта санкцыі. Усе перамовы, пра якія я чуў, упіраюцца ў фактар краіны”.
Заснавальнік Onliner.by Віталь Шураўка адразу ж звяртае ўвагу Еўрарадыё на тое, што сайт — гэта найперш самастойны бізнэс. А ацэнка кошту бізнэсу не робіцца з паўпляўка:
“Слухайце, гэта ж не бульба! Я нічога сказаць не магу, бо трэба лічыць, глядзець… Калі гаворка ідзе пра продаж бізнэсу, у Excel робіцца таблічка, куды ўносіцца процьма дадзеных. Ацэньваецца аперацыйная дзейнасць за апошнія 5 гадоў, умовы рынку, рызыкі, якія існуюць. Паправачныя каэфіцыенты. Яшчэ ёсць такая штука, як good will — гэта жаданне/нежаданне ўладальніка прадаваць сайт. Яно таксама ўлічваецца! І тады атрымліваецца вартасць”.
Ацэнкай вартасці сайта займаюцца аўдытары. Яны атрымліваюць доступ да фінансавай справаздачнасці і іншых бухгалтарскіх дакументаў. На ўсё пра ўсё патрэбны як мінімум тыдзень. Згодна са словамі Віталя Шураўкі, Onliner.by час ад часу атрымлівае прапановы ад інвестараў. Але да такой вось сур’ёзнай аўдытарскай працы яшчэ ніколі не даходзіла.
Пытаюся, ці разглядаюць на Onliner.by магчымасць продажу сайта.
“Нам прадавацца зараз нецікава. Мы гэтага не плануем… У кароткатэрміновай перспектыве”, — адказвае Віталь Шураўка.
Юрый Зісер прыгадвае, што першыя гады існавання TUT.by быў стратным праектам. На думку бізнэсоўцы, гэта нармальна: усе сайты, якія сёння каштуюць шалёных грошай, напачатку былі стратнымі. Але адпачываць ён тады ездзіў выключна на Нарач. Часам даводзілася сядзець на “дыеце” з макаронаў і тушаніны... Першую прапанову прадаць TUT.by Юрый Зісер атрымаў у 2004 годзе… з Украіны!
“Пасля хацеў набыць Юрый Мільнер [былы ўладальнік Mail.ru Group. — Еўрарадыё]. Я нават пару разоў ездзіў у Маскву, але вырашыў так: навошта прадаваць тое, што расце? Трэба прадаваць, калі вырасце! А ў сярэдзіне 2008 года, у пік эканамічнага росту, да нас прыязджалі па 1-2 інвестары на тыдзень! Прычым не толькі з Масквы! Цікавіліся TUT.by і з Польшчы, і з Украіны, і нават з ЗША”.
Кошт свайго сайта бізнэсовец ацэньвае досыць прыкладна — ад 15 да 30 мільёнаў долараў. І адразу ж дадае, што гэта вельмі сціплая ацэнка. Маўляў, у больш стабільныя часы кошт TUT.by мог бы дайсці і да $50 млн.
“Калі ўвесь гэты крызіс скончыцца і ўсё пойдзе ўгару, а галоўнае — пойдзе ўгару інтэрнэт-рэклама, якая зараз упала да зусім ужо сімвалічнага ўзроўню, дык натуральна”.
Фота: mygazeta.com.