Чым адрозніваюцца выбары прэзідэнта ў Беларусі і Венесуэле?

130415_pilecki_venesuell.mp3

“Я не магу вам назваць дакладную лічбу, але на гэтых выбарах прысутнічала каля 200 міжнародных назіральнікаў ад розных грамадскіх арганізацый, міжнародных аб’яднанняў і іншых… Гэта былі і прадстаўнікі краін Лацінскай Амерыкі, краін Карыбскага басейна, Бразіліі, Іспаніі… Яны добра адгукаліся аб ходзе галасавання”, — адказвае на пытанне Еўрарадыё пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыга Дыяс Нуньес.

Супрацоўнікі амбасады расказваюць, што ў Беларусі з 56 грамадзян Венесуэлы толькі адзін аддаў голас за саперніка Нікаласа Мадура Энрыке Капрылеса. Таму настрой у амбасадара выдатны — ён нават частуе журналістаў Савецкім шампанскім.

Эксперт па краінах Лацінскай Амерыкі Кастусь Андрыеўскі расказвае Еўрарадыё, што апазіцыя ўсё ж зафіксавала парушэнні. Каля… трох тысяч! Але яны нязначныя.

“Апазіцыя ўжо выклала ў інтэрнэт некалькі ролікаў, ёсць спіс з амаль трох тысяч парушэнняў. Але, на маю думку, усе яны дробныя”.

Фіксаваць парушэнні венесуэльскім апазіцыянерам нашмат прасцей. Пры Чавесе была праведзеная выбарчая рэформа — цяпер назіральнікі не абмежаваныя ў магчымасці назіраць за працэсам галасавання, а ЦВК ў адказ на пратэсты прыхільнікаў Капрылеса прапанавала ім пералічыць усе галасы разам яшчэ раз.

Працэс галасавання ў Венесуэле кардынальна адрозніваецца ад нашых выбараў. Кожны грамадзянін маю картку выбаршчыка. Дапускаюць да волевыяўлення толькі па ёй — нават пашпарт не дапаможа. Галасуюць венесуэльцы прыкладаючы палец да фота свайго кандыдата на планшэце — сістэма счытвае адбітак, залічвае голас, а затым выдае таму, хто прагаласаваў, квіток. Яго грамадзянін здае выбарчай камісіі пад подпіс (акурат гэтыя квіткі дазваляюць пералічыць усе галасы, калі спатрэбіцца). Каб зрабіць немагчымым паўторнае волевыяўленне, палец чалавека, які ўжо прагаласаваў, мачаюць у адмысловую фарбу.

Гэта яшчэ не ўсё, чаму могуць пазайздросціць беларускія апазіцыянеры. Эксперт гаворыць, што перашкодаў апазіцыі падчас выбарчай кампаніі пераемнік Чавеса не чыніў.

“Магчыма, і можна нешта такое знайсці, але гэта не мела вызначальнага характару”.

У дадатак, у Венесуэле няма недахопу ў незалежных тэлеканалах, радыёстанцыях і друкаваных СМІ. Сотні тысяч чалавек абсалютна бесперашкодна мітынгавалі на вуліцах Каракаса ў падтрымку апазіцыйнага кандыдата. Так што, назваць Нікаласа Мадура (які набраў “усяго” 50,66%, супраць 49,07% у Капрылеса) недэмакратычным прэзідэнтам будзе складана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі