Чым апазіцыянеры адрозніваюцца ад чыноўнікаў?

121207_lukashuk_memorandum.mp3

Мемарандум па рэалізацыі Нацыянальнай гендэрнай платформы падпісалі 4 снежня прадстаўнікі апазіцыі. А крыху раней быў “віленскі” мемарандум "Аб захадах па забеспячэнні незалежнасці Беларусі". Яшчэ раней — шматлікія пагадненні аб “выпрацоўцы адзінай платформы на выбарах”. І яшчэ, і яшчэ. Ці не становяцца нашы апазіцыянеры падобнымі да міністэрскіх чыноўнікаў?


Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька нават крыўдзіцца на такое параўнанне.


Анатоль Лябедзька: “Многія чыноўнікі — іх праца ляжыць на іх цяжарам. Там ты толькі выконваеш загады, там у цябе няма творчасці, няма ініцыятывы. Ну, там ёсць нейкія матэрыяльныя складнікі, дзеля чаго яны ўсё гэта робяць. У нас зусім іншы складнік: як правіла, у нас няма матэрыяльнага, але ёсць магчымасць дрэнна ці лепш, але нешта рабіць”.


Падпісанне ж розных мемарандумаў ды дамоў аб намерах — рэдкая для АГП з’ява. Лябедзька сцвярджае, што свой подпіс пад дакументамі такога кшталту ставіць не часцей 1-2 разоў за год. Калі ўзгадаць, што на чале АГП Лябедзька з 2000 года, то падпісаў ён ужо не менш за 20 гучных мемарандумаў і дамоў. І, нібыта, пераважная большасць з іх мела нейкі станоўчы вынік.


Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў лічыць сябе чыноўнікам ад апазіцыі таксама не пагаджаецца. Маўляў, гэта нудная, але неабходная офісная праца. Без якой ніводная сур’ёзная структура і дзейнічаць нармальна не зможа. Праўда, прызнаецца — які настрой ад такой працы, такі і вынік ад падпісаных дакументаў.


Уладзімер Някляеў: “Сказаць, што яны зусім не выконваліся, я не магу — палова вылятала ў трубу, але палова неяк рэалізоўвалася!”



З тым, што ў “невялічкіх” пытаннях можна абысціся без падпісання гучных дамоў аб супрацоўніцтве і пагадненняў, згодная і старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард. Ну, мітынг сумесны правесці, вечарыну можна і без іх. А вось калі ўзяць тую ж гендэрную роўнасць, то апазіцыя плануе не толькі распрацаваць прапановы па “ўраўноўванні” жанчын з мужчынамі, але і накіраваць іх ураду. І што ж гэта будзе за дакумент, калі пад ім подпісаў лідараў апазіцыі не будзе?! Як да яго паставяцца? Ну, як у выпадку з дамовай аб “выпрацоўцы адзінай платформы-2012”. Ёй Вештард не ганарыцца.


Ірына Вештард: “Той дакумент мог мець юрыдычнае існаванне толькі ў тым выпадку, калі ён суб’ектамі-шасцёркамі падпісаны. Але там так спрачаліся, і нават пад дупу пінка давалі, што я там пазапланавая паставіўшы подпіс была. Тым не менш, некаторыя, самі не падпісаўшы, да мяне шчаміліся задаць пытанне: “Як гэта так, чаму тое, другое, трэцяе не выканана?”


Дарэчы, пра “гендэрны мемарандум”. Высвятляецца, што пытаннем жаноча-мужчынскай роўнасці беларуская апазіцыя заклапацілася не раптоўна. І не замежныя “донары” гэтую тэму падказалі. “Грамадоўцы”, запэўнівае Ірына Вештард, па пытаннях жаночых праблем і гендэрнай роўнасці працуюць трэці год, Уладзімір Някляеў нават прысвечаныя гэтым пытанням семінары наведваў. АГП ж і ўвогуле называе пытанне гендэрнай роўнасці — прыярытэтным на наступны год. З прагматычных меркаванняў.


Анатоль Лябедзька: “Чаму мы павінны адмаўляцца ад праграм, якія даюць партыі большую папулярнасць сярод жаночага электарату?!”


Яны збіраюцца працаваць над праектамі законаў аб гендарнай роўнасці і гвалце ў сям’і, адчыняць ў рэгіёнах кансультацыі па гэтых пытаннях… Іншыя ж суразмоўцы Еўрарадыё, выказваюць насцярогу, што і гэты мемарандум можа “вылецець у трубу”. Як гэта часта бывае ў чыноўнікаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі