Ці ездіць Ладуцька на ровары і ці гуляе Батура ў валейбол?
Чыноўнікі ўзначальваюць спартовыя федэрацыі, але нават там не заўсёды ведаюць, як тыя ставяцца да іх спорту.
Можа, мэр Мінска на працу на ровары прыязджае, цікавіцца Еўрарадыё ў прэс-службе Мінгарвыканкама. Бо Мікалай Ладуцька ўзначаліў Федэрацыю веласпорту.
Начальнік аддзела па працы са СМІ Ілона Немава адказваць на гэта “прыватнае” пытанне катэгарычна адмаўляецца. Не ведае пра адносіны Ладуцькі з роварам нават выканаўчы дырэктар Федэрацыі веласпорту Аляксей Іваноў. Але логіку ў гэтым абранні бачыць. Нават калі мэр і ездзіць на ровары не ўмее.
Аляксей Іваноў: “Па-першае, велатрэк знаходзіцца ў Мінску — “Мінск-арэна”. Па-другое, ён прымае актыўны ўдзел у развіцці веларуху — і той жа “Велазавод” знаходзіцца ў Мінску, і веладарожкі неабходна будаваць у Мінску. Плюс, не забывайцеся, чэмпіянат свету будзе ў Мінску ў 2013 годзе”.
Выглядае, яму “прапанавалі”, ён — “пагадзіўся”, дэлегаты канферэнцыі адзінадушна прагаласавалі.
На пачатку кастрычніка змяніўся і кіраўнік у Беларускай федэрацыі дзюдо. Замест міністра энергетыкі прыйшоў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі “Трайпл” Уладзімір Япрынцаў. У яго са спортам усё ў парадку, хваліцца выканаўчы дырэктар федэрацыі Валерый Мартыновіч.
Валерый Мартыновіч: “Ён шасціразовы чэмпіён свету па самба і пастаянна трэніруецца. З маладымі барукаецца на роўных, то гэта ўжо кажа пра ўсё!”
Уладзімір Япрынцаў
А як у астатніх чыноўнікаў са спортам? І асабліва з тым, федэрацыі якога яны ўзначальваюць.
Кіраўнік прэс-службы Вышэйшага гаспадарчага суда Юлія Ляскова не ведае, ці займаецца баскетболам, федэрацыю якога ён узначальвае, старшыня суда Віктар Камянкоў. Але ў падвале Вышэйшага гаспадарчага суда ёсць… трэнажорная зала!
Юлія Ляскова: “Ёсць спортзала і перыядычна ён туды ходзіць займацца — падтрымліваць спартовую форму. Невялічкая, у падвальным памяшканні, абсталяваны не па апошнім слове, але каб падтрымліваць тонус, дастаткова”.
Віктар Камянкоў
Як даведалася Еўрарадыё, баскетболам Камянкоў займаўся ў юнацтве і нават у двары суда загадаў паставіць кольца для стрытбола. Суддзі падчас абеду там размінаюць спіны.
Не ведаюць дакладна, ці плаваў калі-небудзь на каноэ, падначаленыя Уладзіміра Цалко — міністра прыродных рэсурсаў і кіраўніка Беларускай асацыяцыі каноэ. Але міністр ходзіць у басейн.
Уладзімір Цалко з жонкай
У Федэрацыі валейбола фізічную форму губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры ацэньваюць як “вышэй за сярэднюю”. Але ў гульні ў валейбол кіраўнік федэрацыі не заўважаны.
Федэрацыя валейбола: “Што тычыцца валейбола, то я думаю, што ён не займаецца. Але я ведаю, што ён плавае — прыходзіў да нас і плаваў, у тэніс гуляў. А наконт валейбола... наўрад ці ён дзе гуляе”.
А вось кіраўнік Федэрацыі стральбы з лука, ён жа міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч, выглядае сапраўдным Робінам Гудам. Не толькі сам добра страляе, але войска такіх стралкоў арганізаваў, смяецца супрацоўніца Мінлясгаса.
Супрацоўніца Мінлясгаса: “Не толькі міністр страляе з лука — у нас цяпер уся галіна страляе з лука! Лясгасы набылі лукі: у нас у спартакіядзе ўведзеная такая дысцыпліна. Ёсць асобна спаборніцтвы кіраўнікоў галіны, яны страляюць з лука, паверце!”
Міхаіл Амельяновіч (злева)
Чыноўніца з Мінлясгаса прызнаецца, што сама таксама спрабавала страляць. Атрымлівалася. Справа гэта не такая простая, як падаецца звонку.