Ці можа Беларусь вырабляць атамныя бомбы?

Сапраўднай медыйнай бомбай сталі словы кіраўніка дзяржавы пра наяўнасць у Беларусі высокаўзбагачанага збройнага ўрану. Заяву пра “сотні кілаграмаў фактычна збройнага” ўрану Аляксандр Лукашэнка зрабіў 14 красавіка падчас працоўнай паездкі па Гомельшчыне. Пра ядзернае паліва ён згадаў на выступе з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Аляксандр Лукашэнка: “Ад мяне запатрабавалі: аддай! Я сказаў: я нічога не аддаю, гэта не маё, гэта здабытак народу, пад аховай МАГАТЭ! Мы супрацоўнічаем, мы нічога не хаваем. І, як да мяне даходзіць, Расія супакоіла Амерыку: не хвалюйцеся, мы адтуль вывезем! Мушу сказаць, што ані Расія, ані хто іншы адсюль нічога не вывезе. Без нашай згоды. Мы гатовыя сесці за стол і весці перамовы. І пытанне не ў грошах… Папросту мы — народ, мы — дзяржава! І тое, што ёсць у нас, — гэта наша! І нікога мы не шантажуем! Мы брудныя атамныя бомбы не збіраемся рабіць. Калі б ужо стваралі, то стварылі бы. Нам яны не патрэбныя”.

Амаль адразу ж словы Лукашэнкі абверглі незалежныя навукоўцы. Былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч тлумачыць, што ў краіне ўран сапраўды ёсць, але ступень узбагачанасці і колькасць яго значна меншыя за заяўленыя Лукашэнкам.

Аляксандр Вайтовіч: “Адназначна, што ступені ўзбагачанасці недастаткова для таго, каб гэта быў збройны ўран і каб зрабіць з яго атамную бомбу. Яны ж як кажуць, што высокаўзбагачаны, то таксама не называюць лічбу ўзбагачэння. 20 адсоткаў — думаю, што такі ў нас ёсць. Увогуле Беларусь ніколі не займалася ўзбагачэннем урану — адпаведна, у яе няма ані спецыялістаў, ані тэхналогіяў, ані абсталявання”.

Дарэчы, высокаўзбагачаным лічыцца ўжо нават 20-адсоткавы ўран. Але збройным будзе толькі той, узбагачанасць якога сягае 90 адсоткаў. Пры гэтым нават 30-40-адсоткавы ўран у Беларусі знайсці нерэальна, перакананы фізік-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч: “30-40 адсоткаў — нават не думайце пра гэта! Гэта вельмі вялікія лічбы — такога там не можа быць! Гэта вельмі-вельмі далёка ад таго, што трэба, каб уран быў збройны. Гэта доўгая-доўгая тэхналогія, каб давесці гэты ўран да таго, каб ён мог быць збройным. І яшчэ каб яго ўзбагачаць далей, трэба будаваць цэлую галіну прамысловасці. Абсалютна няма тэхнічнай базы, таму што гэта вельмі дарагая тэхналогія! І няма ўрану неабходнай колькасці, каб гэта рабіць”.

Хто ж мае рацыю, можна было бы высветліць непасрэдна ў Інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”. Менавіта там і знаходзіцца адзінае ў краіне сховішча ўрану. У 1970-х ён быў завезены з Расіі дзеля эксперыментальнага перасоўнага рэактара “Памір”. Аднак пасля чарнобыльскай аварыі распрацоўкі перапыніліся, а абодва існуючых на той момант камплекты "Паміра" былі знішчаныя.

Цікава, што адразу пасля гомельскай заявы Лукашэнкі словы кіраўніка дзяржавы супрацоўнікі “Соснаў” абвяргалі. Аднак хутка ўсе каментатары змоўклі. Сведчыць намеснік дырэктара інстытута Андрэй Кузьмін:

Андрэй Кузьмін: “Ну, па тэлефоне такі каментар не даем. І ў вуснай форме таксама. Нават калі вы запішацеся на прыём, то ў вуснай гутарцы каментаваць гэтую сітуацыю не будуць”.

Дарэчы, яшчэ ў 2007 годзе кіраўніцтва інстытуту “Сосны” было больш кампанейскае. І нават арганізоўвала для дзяржаўных журналістаў экскурсію па сваіх уладаннях. Тады намеснік генеральнага дырэктара інстытута Мікалай Груша заяўляў, што на тэрыторыі ўстановы знаходзіцца і ўран, узбагачаны да 90 адсоткаў.

Эксперты ацэньваюць колькасць наяўнага ў Беларусі высокаўзбагачанага ўрану ад 50 да 90 кілаграмаў. Увесь ён, як цвердзяць супрацоўнікі інстытуту “Сосны”, выкарыстоўваецца выключна ў навуковых мэтах пад кантролем МАГАТЭ. Аднак нават пры ўсім жаданні, кажа Станіслаў Шушкевіч, атрымаць з наяўнага збройны ўран — нерэальна.

Станіслаў Шушкевіч: “Беларусь не можа атрымаць узбагачаны збройны ўран — хаця бы 10 грамаў. Каб была бомба — трэба будаваць рэактыўны рэактар, трэба актыўную зону будаваць. Калі да такой станцыі дадасца прамысловасць узбагачэння — то так, гэта можа быць. Таму што там будзе ўзбагачацца ў самім рэактары. А далей павінна быць прамысловасць, каб даводзіць уран ужо да такой ступені, каб ён быў збройны. Дык вось гэткай прамысловасці ў Беларусі ніхто не закладае. Гэтая база будзе каштаваць гэтулькі, колькі і АЭС”.

Дарэчы, падчас саміту ў Вашынгтоне расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў таксама згадваў высокаўзбагачаны ўран з “Соснаў”. Яго з нашай краіны, як і з шэрагу іншых дзяржаваў, Расія абавязалася вывезці на ўтылізацыю на працягу бліжэйшых 4 гадоў. Адказ жа Аляксандра Лукашэнкі катэгарычны: не аддамо! Якім жа тады чынам уран будзе вывозіцца з Беларусі, Еўрарадыё не здолелі патлумачыць ані ў прэс-службе прэзідэнта Расіі, ані ў тамтэйшым Міністэрстве энергетыкі, ані ў кампаніі “Расатам”.



Фота з http://www.i-f.mephi.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі