Ці шмат трактароў можна набыць за 217 долараў?

У зімбабвійскай казне засталося 217 долараў. “Той-сёй з дзяржслужбоўцаў, на заробкі якіх пайшлі апошнія грошы, цяпер мае на рахунку больш, чым у бюджэце засталося”, — саркастычна заўважыў з гэтай нагоды міністр фінансаў Зімбабве.

Куды зніклі 3,8 мільярда долараў, якія складаюць зімбабвійскі бюджэт на 2012 год, сказаць складана. Але мы дакладна ведаем адно: калі б зімбабвійцы не набылі ў Беларусі “вылічальную машыну для апрацоўкі інфармацыі” (па-нашаму — калькулятар), грошай у іх бюджэце зараз было б… У тры разы больш!

Яшчэ 100 баксаў дадалося б, калі б мы не прадалі ім “апарат тэлефонны”. А ўвогуле, мы летась нагандлявалі з зімбабвійцамі на 6,6 тысяч долараў. Складана паверыць, што ўсяго паўтара года таму наш прэзідэнт называў Зімбабвэ партнёрам, з якім мы “вельмі хацелі б больш інтэнсіўна наладжваць адносіны”.

Справа была ў красавіку 2011 года, калі ў Беларусі з’явіўся новы саюзнік у Афрыцы. Ды які!

“Патэнцыял нашых дзяржаў вялізарны, і мы можам сапраўды наладжваць вельмі добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны, ствараць сумесныя кампаніі і весці па ўсіх напрамках дастаткова сур’ёзную працу”, — заяўляе прэм’ер Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Мінск зімбабвійскага віцэ-прэзідэнта Джона Нкома.

Аляксандр Лукашэнка дык і ўвогуле называе прыезд Нкома ў Беларусь гістарычным. Маўляў, аграрнаму і прамысловаму супрацоўніцтву паміж двума краінамі — мацнець!

“Мы гатовыя спрыяць таму, каб ствараць у вашай краіне сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці такой [аграрнай і прамысловай] прадукцыі”, — дадае кіраўнік беларускай дзяржавы.

З кім жа пасябравала Беларусь?

“Зімбабвійская эканоміка перайшла ў рэжым свабоднага падзення пасля таго, як у пачатку 2000-х прэзідэнт Роберт Мугабе пачаў захопліваць землі, якія належалі белым фермерам. Гэты крок адмоўна адбіўся на ўзроўні даверу інвестараў да краіны, паралізаваў вытворчасць, прымусіў сусветную супольнасць увесці санкцыі і адпужаў турыстаў, якія прыносілі прыбытак казне”, — дае даведку пра нашага партнёра Agence France-Presse.

Як вынік — шалёная інфляцыя. У 2008 годзе кошты ў Зімбабве падвойваліся кожныя 32 гадзіны. У студзені 2009 года былі надрукаваныя банкноты ў 100 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў, але менш, чым праз месяц урад перапыніў абарот нацыянальнай валюты. Краіна перайшла на амерыканскія долары.

У жніўні таго ж 2009 года Беларусі адпраўляе ў Зімбабве намесніка міністра прамысловасці Івана Дземідовіча. Разам з ім у Харарэ ляцяць чыноўнікі з МАЗа, МТЗ, БелАЗа і “Лідсельмаша” — прыглядацца. Таваразварот паміж нашымі краінамі мізэрны — некалькі паўпрычэпаў, вырабленых на “Бабруйскаграмашы”.

У Зімбабвэ беларускай сельгастэхнікай зацікавіліся. У 2011-м дэлегацыя на чале з віцэ-прэзідэнтам Нкома наведвае і трактарны завод. Нашы трактары зімбабвійцам падабаюцца, што адлюстроўваецца ў падпісаным па выніках візіту мемарандуме.

Кошт беларускага трактара адрозніваецца ў залежнасці рэгіёна. Афрыканскія краіны — Алжыр, Судан, Егіпет — бяруць у нас тэхніку па 10-15 тысяч долараў, у залежнасці ад камплектацыі. Але зімбабвійскі ўрад вырашыў схітрыць:

“Цэнтральны банк Зімбабвэ прапанаваў аплаціць здзелку мясцовай валютай — зімбабвійскімі доларамі, — распавядаюць Еўрарадыё ў камерцыйным аддзеле МТЗ. — Аднак гэта не тая валюта, з якой варта мець справу”.

Тая здзелка так і не ажыццявілася. Беларусь дагэтуль не прадала ў Зімбабвэ ніводнай машыны для сельскай гаспадаркі.

Ды і ці шмат трактароў можна набыць за 217 долараў?

Фота: f5.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі