Ці стануць 50 тысяч чыноўнікаў беспрацоўнымі?
Колькі канкрэтна працуе чыноўнікаў у кожным асобным міністэрстве ці ведамстве — інфармацыя сакрэтная нават для статыстыкаў.
Скараціць амаль 50 тысяч дзяржслужачых загадаў кіраўнік краіны. Змяншаць колькасць адных чыноўнікаў прызначыў чыноўнікаў іншых — кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэя Кабякова і сваю памочніцу Наталлю Пяткевіч. Але калі пачне працаваць узначаленая імі адмысловая камісія, Пяткевіч казаць Еўрарадыё адмаўляецца.
Наталля Пяткевіч: “Ніякіх пытанняў! Дзякуй, да пабачэння!”
Колькі сёння чыноўнікаў у краіне, нават Белстат дакладна не ведае. Згодна са словамі прэс-сакратара статыстычнага камітэта Алены Кандраценкі, яны валодаюць толькі лічбамі за 2011 год, бо "гэта інфармацыя гадавой перыядычнасці".
Паводле гэтай статыстыкі, у Беларусі 168,5 тысяч чыноўнікаў.
Колькі канкрэтна працуе чыноўнікаў у кожным асобным міністэрстве ці ведамстве — інфармацыя сакрэтная нават для статыстыкаў.
Белстат: “Такая інфармацыя — сакрэтная. Ну, не сакрэтная — мае грыф “для службовага карыстання”.
Дарэчы, у 2011 годзе быў эксперымент па скарачэнні апарату Саўміна. Камісію стварылі на чале з віцэ-прэм’ерам Анатолем Тозікам. Вынікі таго эксперыменту сёння не каментуюць. Былы міністр працы Аляксандр Сасноў не сумняецца, што тая ініцыятыва са скарачэннем на 20 адсоткаў — пустыя словы. А тым больш стварэнне спецыяльнай камісіі.
Аляксандр Сасноў: “Хочаце заваліць справу — стварыце камісію. Яны нейкія прапановы ўнясуць, бо інакш ім не ўседзець. А што гэта за прапановы і як яны будуць рэалізаваныя... Не, можна скараціць, але ад гэтага лепш працаваць ніхто не стане. А калі не мяняць структуру кіравання — стане горай. Бо ў краіне немагчыма інакш кіраваць, як з дапамогай чыноўнікаў. Таму — усё гэта прапаганда”.
Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір упэўнены: скарачаць чыноўнікаў трэба на палову. Даць ім некалькі месяцаў на пошук іншай працы. І раіць будучым “скарачэнцам” ісці ў бізнэс.
Міхаіл Чыгір: “Зоймуцца сваёй справай і атрымаюць больш значныя грошы, чым сёння. Можна даць ільготы, вызваліць ад падаткаў, даць магчымасць знайсці працу — паступова ўсё рабіць”.
Як даведалася Еўрарадыё, у выніку эксперыментальнага скарачэння апарат Саўміна пазбавіўся 23 чыноўнікаў.
Фота: bnkirov.ru