CityZen "заразілі" мінчукоў гарадскім дзэнам
І выканалі шэраг хітоў незвычайных гуртоў.
Вось ўжо некалькі месяцаў мінская вуліца Карла Маркса ператвараецца па выходных у пешаходную. І калі ў першыя тыдні здавалася, што нічога добрага з гэтай задумы не атрымаецца, бо дысцыплінаваныя беларусы працягвалі хадзіць па тратуарах, а вуліца выглядала бязлюднай і сіратлівай, — то цяпер сітуацыя змянілася. Карла Марла пакуль не Крашчацік, але, відавочна, рухаецца ў слушным наірунку. Галоўным чынам, дзякуючы вулічным артыстам — мімам, хадулістам, факірам і, мабыць, у першую чаргу — музыкам. Хоць першы канцэрт на Карла Маркса — выступ гурта "Рэха", прайшоў амаль два месяцы таму, жывая музыка тут ужо стала звыклай, прыцягваючы ўвечары ў суботу ды нядзелю сотні людзей. Гэтым і вырашылі скарыстацца музыкі гурта CityZen, якія прапанавалі гледачам праспяваць з імі хорам.
CityZen — новы праект Русі (Акана, Shuma), Андрэя Апановіча (Triangle, Мамкіны бусы) і Аляксея Буцько (CherryVata). Для харавога выканання гарадскі кавер-бэнд абраў песню "Golden Brown" гурта The Stranglers (саундтрэк да фільма "Snatch" Гая Рычы).
Гледачы з відавочным задавальненнем слухалі каверы на Massive Attack, Bonobo, Bajka, Uncle, Lukke Ly і з не меншым задавальненнем пляскалі музыкам. Аднак, калі справа дайшла да харавых спеваў, апынулася, што падпяваюць Русі ўсяго некалькі чалавек. Магчыма, прычынай таму стаў выбар песні — The Stranglers відавочна не настолькі ў нас папулярныя, каб іх песні ведалі на памяць. А развучыць словы многія не паспелі ці не палічылі патрэбным. Магчыма, што-небудзь больш знаёмае (напрыклад, з рэпертуару самой Русі) выклікала б больш энтузіязму.
Руся здзіўляла гледачоў экзатычнымі інструментамі, граючы то на абертоннай флейце, то на кракербоксе — маленькім транзістары сінтэзатары без клавіятуры.
Таксама свой сэт адыграла пераехаўшая ў Маскву экс-ўдзельніца "Нагуаля" Марына Неўгень і яе аднайменны гурт. З-за блытаніны з часам выступу гуртоў, на жаль, многія жадаючыя спазніліся на выступ маскоўскіх музыкаў.