Да 2015 года зачыняць не меней за палову інтэрнатаў для сірот
Сёння ў Беларусі налічваецца 52 інтэрнаты для сірот, гэта амаль на траціну меней, чым у 2005 годзе.
Рэч у тым, што колькасць выхаванцаў гэтых установаў значна зменшылася — на 60%. Больш за дзве траціны сірот цяпер выхоўваюцца ў сем’ях. Станоўчы эфект у гэтай сферы адзначаны нават фондам ЮНІСЭФ, паведаміла журналістам 30 траўня начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай працы Нацыянальнага інстытуту адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Катовіч.
З яе словаў, цяпер дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, да 18 год забяспечвае дзяржава. А ў выпадку, калі яны атрымліваюць прафесійную адукацыю на дзённай форме навучання, іх падтрымліваюць да 23 год. Дзецям-сіротам гарантуюць першае працоўнае месца і бясплатная сацыяльная кватэра па дасягненні паўналецця, паведамляе БелаПАН.