Да Міколы Статкевіча падсадзілі хворага на СНІД вязня
Жонка палітыка Марына Адамовіч лічыць гэта чарговай спробай псіхалагічнага ціску.
Са словаў жанчыны, на палітвязня зноў ціснуць і спрабуюць выбіць з яго прашэнне аб памілаванні. Дзеля гэтага яго змясцілі ў камеру СІЗА, што ў прынцыпе з’яўляецца парушэннем для чалавека, які ўжо адбывае зняволенне на ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аднак асаблівую занепакоенасць выклікае іншы факт:
“Чалавек, які знаходзіўся з ім у камеры, паведаміў, што некалькі месяцаў быў у камеры, што афіцыйна лічыцца ў гэтай установе памяшканнем для хворых на СНІД. Гэты чалавек патрабаваў, каб яго статус аднавілі і дзеля гэтага ўскрываў сабе вены. З’явіліся людзі ў масках, прычым яны доўга чакалі, пакуль уся камера будзе залітая крывёй і толькі пасля гэтага ўсё прыбралі. Гучалі словы “гонар афіцэра”, маўляў, праблема будзе вырашаная, але “слова афіцэра” у гэтых умовах ужо даўно нічога не азначае”, — распавяла Марына Адамовіч у інтэрв’ю Еўрарадыё.
Раней Станкевіча змяшчалі ў адну камеру з чалавекам, хворым на сухоты, пераводзілі ў ШЫЗА і ў Шклоўскую калонію, вядомую цяжкімі ўмовамі ўтрымання. Усё гэта таксама рабілася з мэтай выбіць з палітвязня прашэнне аб памілаванні, лічыць яго жонка.