Дэпутат: Бюджэт адзначаю фламастарам. Вельмі складана разабрацца

121005_luka6uk_budjet.mp3

Уявіце сабе папяровы “двухтомнік” аб’ёмам каля 1500 старонак! Гэта праект бюджэту на 2013 год. Ці здолелі дэпутаты хаця б пачытаць яго?


Валянціна Леановіч шчыра прызнаецца Еўрарадыё: уважліва вывучала толькі два артыкулы — адукацыя і ахова здароўя. Разабрацца ў лічбах не заўсёды ўдаецца, нават з фламастарам.


Валянціна Леановіч: “Адзначаю фламастарам — адразу каб было зразумела, выдзяляю. Там вельмі складана разабрацца. Вось усё разбіраюся-разбіраюся, і ніяк не магу прыйсці да таго, каб у мяне цэласная карціна склалася. Бо адна справа 21 трыльён рублёў — гэта кансалідаваны бюджэт, які ідзе на ахову здароўя, а 5, амаль 6 трыльёнаў ідзе з рэспубліканскага. Адкуль у кансалідаваным крыніцы напаўнення? Тут розніца надта вялікая!”


Паводле слоў дэпутата, прадстаўнікі Мінфіна і Мінэканомікі нібыта патлумачылі, адкуль што бярэцца. Розныя там платныя паслугі, інвестыцыі... Але, прызнаецца Валянціна Леановіч, пытанні застаюцца.


Прагноз наконт сярэдняга заробку ў 600 долараў у 2013 годзе яна лічыць рэальным. Хоць і не гарантаваным.


Валянціна Леановіч: “Гэта прагнозы, разумееце. Ніхто вам па заробках не вызначыць канкрэтна. Размова ідзе пра тое, што даюцца стымулы для росту прадукцыйнасці працы, якая пацягне за сабой рост заработнай платы. Таму прагнозныя паказчыкі ёсць, але вызначыць дакладна — вам ніхто не скажа”.


“Пакрэмзаным” у выніку апынуўся і двухтомнік праекта бюджэту, які атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Маёраў.


Уладзімір Маёраў: “Галава — гэта ж не Дом саветаў, усяго не запомніш! Абавязковая ўмова працы з дакументам — праца з асадкай і з сшыткам. Сшытак дзялю звычайна на тры часткі. На палях асобна, фламастрам заносіш свае заўвагі”.


Ён хоць і вывучаў увесь праект, але, як і Валянціна Леановіч, асаблівую ўвагу звярнуў на пэўную галіну — сельскую гаспадарку. Фінансаваннем дэпутат задаволены. Нават пытанняў падчас першага чытання не задаваў.


Уладзімір Маёраў: “Бюджэт — гэта ж не тое, што сёння надрукавалі дакумент і ён з’явіўся. Праца не аднаго месяца. Таму ў чарнавым варыянце шмат якія пазіцыі мы ведалі раней. Ну, а праект дакумента — гэта ўжо для канчатковай дапрацоўкі”.


Як працаваў з праектам бюджэту, дэпутат Анатоль Глаз распавядаць адмаўляецца. Толькі каротка адказвае, што самім дакументам ён цалкам задаволены.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі