DJ Laurel: "Будзем выдаваць беларускіх музыкаў на вініле"
Праз 12 год фанк-дыджэй саспеў на ўласны лэйбл і прывоз музыкаў, якія раней пра гастролі ў Беларусі не хацелі нават слухаць. Пра гэта – у інтэрв’ю з DJ Laurel.
З фанк-дыджэем і заснавальнікам Sound Diving Group Лаўрэлем Еўрарадыё сустрэлася адразу, як даведалася пра планы гучна адзначыць 12-годдзе творчай дзейнасці. Лаўрэль натхнёна пералічыў некалькі імёнаў, якія хоча прывезці ў Мінск і намякнуў, што будзе інфармацыя, якую цікава даведацца прыхільнікам фанку, соўлу і джазу.
Сустракацца з дзеячамі шоў-бізу ў момант іх грандыёзных планаў – заўсёды прыемная справа.
121005_milabs94_-_inter_dj_laurel_0.mp3
“На вініле будзем выдаваць выканаўцаў выключна хітовых песень”
Еўрарадыё: Лаўрэль, што ўяўляе сабой Sound Diving Group праз 12 год свайго існавання?
DJ Laurel: Sound Diving Group – гэта гукавое пагружэнне. І мэта заўсёды была максімальна наблізіць увагу людзей да музыкі, той музыкі, якую я прапагандую цягам 12 год у сваіх сэтах. Гэта пэўныя стылі: электроніка з дотыкам джазу і соўлу, то бок танцы, электронныя танцы з душой, джазам, фанкам і соўлам.
Еўрарадыё: Ты пачынаў з таго, што проста граў такую музыку і часамі рабіў вечарыны, куды запрашаў замежных гасцей. Ці прыдумаў нейкае развіццё сваёй дзейнасці?
DJ Laurel: Так, далейшыя крокі – стварэнне незалежнага музычнага лэйбла Sound Diving і выданне беларускай музычнай прадукцыі ў Мінску. Спадзяюся, гэта будзе першы лэйбл, які будзе выдаваць музыку беларускіх выканаўцаў на пласцінках, дысках і ў лічбавым фармаце. Магчыма, не толькі беларускіх.
Еўрарадыё: Ты маеш на ўвазе толькі электронных музыкаў, ці шырокі спектр артыстаў?
DJ Laurel: Гэта будуць артысты, якія адпавядаюць гучанню і канцэпцыі Sound Diving – ад электронных музыкаў да жывых бэндаў фанку, джазу і соўлу.
Еўрарадыё: Ці ёсць ужо на прыкмеце музыкі, якіх ты збіраешся выдаць?
DJ Laurel: Артысты на прыкмеце ёсць, я адсочваю, што адбываецца сёння на рынку, але, на жаль, што датычыцца гучання, якое я падтрымліваю, – гэты рынак у нас вельмі скупы. Але я не пакідаю надзеі, што рынак будзе развівацца, я ўважліва сачу за гэтым. І ўпэўнены, што знайду артыстаў, якія будуць адпавядаць якасці гучання, якое я хачу пачуць, і я змагу іх прадаць і прапанаваць на заходні рынак.
Еўрарадыё: Нам падаецца, што Diamos Roll мог бы патрапіць на твой будучы лэйбл. Ці новы музыка з Віцебска – That Sky, які піша ў стылі Bonobo – можа чуў? Што можаш сказаць пра іх?
DJ Laurel: З Дзімам (Diamos Roll) я ўжо меў размову, мне падабаецца тое, што ён робіць, магчыма, мы будзем супрацоўнічаць. Пра That Sky я таксама чуў. У любым выпадку будзе аб’яўлены конкурс – у блогах, у СМІ, і на Еўрарадыё, і спадзяюся, мы знойдзем музыкаў, якія нам будуць імпанаваць.
Еўрарадыё: Скажы, а ў Беларусі магчыма выдаваць музыку на кружэлках?
DJ Laurel: Не, у Беларусі гэта тэхнічна немагчыма. Гэта магчыма зрабіць у Расіі і ў Еўропе. Але гэта вельмі фінансава ёмкі носьбіт, і на вініле мы будзем выдаваць выключна выканаўцаў хітовых песень, тых песень, што сапраўды будуць захопліваць сэрцы і душы слухачоў. Тады гэта будзе варта вінілу. Больш эксперыментальны прадукт будзе выдавацца ў лічбавым фармаце.
Еўрарадыё: Вяртаючыся да вінілу – дзе вы будзеце яго прадаваць?
DJ Laurel: У Мінску, у Еўропе, Англіі і Амерыцы.
Еўрарадыё: І колькі чакаць?
DJ Laurel: Я думаю, максімум год. Ёсць планы ўсё падрыхтаваць да вясны 2013 года.
“У свеце каля 50 адсоткаў музыкі не алічбавана з кружэлак”
Пакуль мы размаўлялі пра лэйбл і вінілы, Лаўрэль прагаварыўся пра свае бліжэйшыя планы – з’ездзіць у Штаты, пазаймацца “музычным дыгінгам”. Еўрарадыё папрасіла Лаўрэля распавесці пра такую цікавую з’яву і нашым слухачам.
DJ Laurel: “Дыгінг” – гэта дастаткова распаўсюджаная з’ява сярод дыск-жакеяў, у асноўным, паўночнага соўлу і фанку. Дыск-жакеі ездзілі па розных краінах, капалі рэдкі матэрыял гэтага накірунку. Увогуле, адным з крытэраў паспяховага дыск-жакея была наяўнасць як мага больш рэдкай інфармацыі. Насамарэч і да гэтага часу існуюць спаборніцтвы, дыск-жакеі рэдкага фанку, соулу, дыска і бугі працягваюць падарожнічаць – вядома, па меры магчымасцяў, тураў сваіх – і працягваюць пошук такога матэрыялу.
Я адношуся да іх ліку, і спрабую як мага больш ахапіць рэдкіх крыніц. Напрыклад крамы, якія не знаходзяцца ў цэнтры горада, бо ў цэнтры звычайна размяшчаюцца папсовыя магазіны, дзе ты можаш накапаць толькі банальны матэрыял. Я аддаю перавагу крамам дзе-небудзь у невядомых месцах, якія не пазначаны ў інтэрнэце, якія вядомыя толькі сярод дылераў і калекцыянераў.
Еўрарадыё: У нашай пазаэфірнай размове ты сказаў, што збіраешся ў Штаты. У якія-небудзь канкрэтныя гарады?
DJ Laurel: У Нью-Йорк, Каліфорнію, Чыкага. У Чыкага я буду шукаць больш бугі, у Каліфорніі – соўл, а ў Нью-Йорку – дыска і фанк.
Еўрарадыё: Існуе стэрэатып, што ўсё даўно алічбавана. Гэта праўда?
DJ Laurel: Існуюць цікавыя амерыканскія дакументальныя фільмы пра інфармацыю, кружэлкі, дыгінг – і ў іх кажуць, што ў свеце на сённяшні дзень каля 50 адсоткаў музыкі не алічбавана з кружэлак. А што датычыцца крыніцы I-Tunes, то ён мае толькі некалькі працэнтаў ад сусветнай музычнай бібліятэкі. Таму яшчэ некалькім пакаленням дыск-жакеяў хопіць, каб капаць цікавы матэрыял.
Еўрарадыё: А ў тваёй уласнай калекцыі шмат унікальных кружэлак? Тых, якія нельга знайсці ў інтэрнэце?
DJ Laurel: Ведаеш, я для сябе прасачыў цікавы момант з міксамі, якія я пошчу на Mixcloud. Калі ў цябе няма часу размясціць плэй-ліст, ці ты не хочаш гэтага рабіць, база дадзеных Juno – буйнейшы дыстрыбутар у Англіі – аўтаматычна вызначае назвы песень, калі ты размяшчаеш свой мікс. Як правіла, яны знаходзяць у мяне толькі 5 адсоткаў ад майго мікса. Для мяне гэта паказчык. Я стараюся капаць як мага больш рэдкі матэрыял.
“Два супер-артыста, два монстра 30 лістапада наведаюць Мінск”
А цяпер час даведацца пра вечарыну, пра якую апошнім часам так натхнёна распавядае Лаўрэль. Гэта вечарына прымеркаваная да 12-годдзя дзейнасці Sound Diving і пройдзе 30 лістапада ў мінскім Loft café, куды Лаўрэль прывязе…
DJ Laurel: Пачнем з галоўнага госця – гэта Рычард Дорфмайстар (Richard Dorfmeister) з сусветна вядомага дуэта Kruder & Dorfmeister. Гэты дуэт зрабіў вельмі і вельмі шмат для інтэлектуальнай электроннай сцэны ў свеце, зарадзіў новую эстэтыку ў гучанні, зрабіўшы шмат рэміксаў на вядомых выканаўцаў, сярод якіх Madonna, Depeche Mode. Мадонна, калі яшчэ працавала з прадзюсарам Уільямам Орбітам, выдала ў сябе на лэйбле Maverick рэмікс Kruder & Dorfmeister. Гэта проста неверагодна, калі сама артыстка просіць зрабіць рэмікс на сваю творчасць. Проста тады ў дуэта была хваля поспеху, бо яны заснавалі такі стыль музыкі як downtempo, з дотыкам джазу, фьюжану, і альбомы рэміксаў разышліся мільённымі тыражамі. Зараз дуэт больш пагружаны ў танцавальную электроніку, але не страціў таго гучання, якое яны прыдбалі на працягу ўсіх год творчай дзейнасці.
Еўрарадыё: Але Рычард Дорфмайстар прыедзе адзін, а не ў дуэце?
DJ Laurel: Так, Рычард прыедзе адзін, не ў пары са сваім партнёрам. Але, насамрэч, на сёння яны вельмі занятыя стварэннем свайго дэбютнага альбома, доўгачаканага іх прыхільнікамі. У нас будзе вялікі шанец пачуць сэт зоркі такога ўзроўню.
Што датычыцца Майкла Рэйнбаса (Michael Reinboth), які будзе другім госцем – то гэта не менш легендарная асоба, заснавальнік найбольш перадавога і буйнога лэйбла ў Еўропе Сompost – па выказванні BBC Radio 1.
Гэта чалавек з вялікай літары, неверагодны калекцыянер, у ягонай калекцыі 70 тысяч кружэлак – гэта адна з самых вялікіх калекцый кружэлак у свеце. Ён пачаў сваю творчую дзейнасць у 80-м годзе, мае досвед 32 гады за вяртушкамі. Можаш сабе ўявіць, які ў яго густ, і што ён робіць, і што выпускае ягоны лэйбл. Тое, што я нызываю – “залатыя вушы”.
І вось два гэтых супер-артыста, два монстра, 30 лістапада наведаюць Мінск.
У гукавой версіі інтэрв’ю вы можаце пачуць трэкі, прадстаўленыя Еўрарадыё DJ Laurel: рэмікс Kruder & Dorfmeister на песню ‘Useless’ Depeche Mode, песню ў стылі соўл з рарытэтнай 7-дзюймовай кружэлкі Ray Frazier, якой “няма ў інтэрнэце” (дакладней, не было да гэтага моманту), кампазіцыю ‘Speechless’ таксама ад Kruder & Dorfmeister.