Дні еўрапейскай культуры ў Брэсце ўсё ж адбудуцца
Змены ў праграму ўнесеныя з-за спазнення гасцей з Партугаліі.
Гэта звязана з парушэннем графіку палётаў з-за надвор’я, патлумачыў для Еўрарадыё Вадзім Мажэйка — менеджар фірмы “Мэйдстар”, якая ладзіць Дні.
А палове на сёмую ў гатэлі "Эрмітаж" адбудзецца прэс-канферэнцыя, потым канцэрт партугальскай групы No Mazurka. Фотавыставу адчыняць заўтра а 12-й, кажа Мажэйка.
No Mazurka — гэта аранжыроўшчыкі нацыянальных мелодый. Акрамя традыцыйных інструментаў, кшталту флейты і бубна, яны граюць на рарытэтных галісійскіх трубах і гітары Campaniça. Сярод фотамастакоў будзе Педра Лобас — бразілец, які жыве ў Партугаліі, лаўрэат шматлікіх прэмій.
Усе імпрэзы плануюцца ў гатэлі "Эрмітаж". Дні еўрапейскай культуры пройдуць пад эгідай міжнароднай культурніцкай кампаніі “Адкрывай Беларусь — адкрывай Еўропу”. Паралельна Дні еўрапейскай культуры маюць прайсці ў Віцебску і Магілёве. Там выступаюць нямецкія і эстонскія артысты, кажа Мажэйка. Напрыканцы верасня ўсе ўдзельнікі (а гэта каля 20 музыкаў, мастакоў і фатографаў) з’едуцца ў Мінску.