Дыпламаты ЗША пра Севярынца і Сідорскага, смяротнасць беларусаў і турызм

Слухаць: 110908 Eurafokus.mp3

Еўрарадыё працягвае публікацыю ТОП-25 цікавых фактаў з беларускіх тэлеграмаў Wikileaks.

Чытаць першую частку ТОПа пра ўплыў Кітая на Мінск, нізкую бяспеку інстытута "Сосны", праблемы беларускага сяла і іншыя тэмы.

"Беларускія заводы карыстаюцца тэхналогіямі 60-ых"

У канцы 2005 года амбасадар ЗША і іншыя амерыканскія дыпламаты наведалі некалькі вялікіх беларускіх заводаў. У адной з тэлеграмаў яны апісваюць становішча на МАЗе, БелАЗе і Белшыне.

"Самы паспяховы з трох, МАЗ, дагэтуль залежыць ад урадавых субсідый. БелАЗ і Белшына задаволеныя сваім цяперашнім узроўнем вытворчасці і не збіраюцца пашырацца, хаця заходнія кампаніі ледзь не вымольваюць белшынаўскія шыны. Іх поспех беларускі ўрад вымярае аб'ёмам вытворчасці, а не продажу", – пішуць з амбасады.

Усе гэтыя заводы належаць дзяржаве, і ўсе маюць звязаныя з гэтым праблемы, працягвае тэлеграма.

"Белшына спрабавала прыцягнуць заходнія інвестыцыі і тэхналогіі, але ўмяшанне ўрада адпужала замежнікаў. Таму беларуская прадукцыя застаецца збольшага немадэрнізаванай, карыстаючыся тэхнікай і тэхналогіямі 1960-ых…" – гаворыцца ў дэпешы, датаванай студзенем 2006 года.

"Беларускі народ хварэе больш, памірае раней і мае менш дзяцей"

... чым у савецкі перыяд, паведамляюць у Вашынгтон амерыканскія дыпламаты.

На падставе падрабязнага даклада адной з няўрадавых арганізацый амерыканскія дыпламаты пішуць, што здароўе беларусаў сістэматычна пагаршаецца, нягледзячы на “эканамічны цуд”. Адзначаецца, што часткова рост смяротнасці звязаны з чарнобыльскай катастрофай, але ў большасці выпадкаў – ад кепскіх сацыяльна-эканамічных фактараў.

"Рост паказчыкаў па большасці тыпаў смяротнасці і скарачэнне колькасці насельніцтва сведчаць, што не ўсё добра ў эканамічным раі Лукашэнкі. Для павышэння стандартаў жыцця, паляпшэння здароўя і барацьбы з адмоўнымі тэндэнцыямі патрэбныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы. Але Лукашэнка рухаецца ў адваротным кірунку, застаючыся верным ахове здароўя і сістэме сацыяльнага дабрабыту савецкага тыпу, якія не ў стане захаваць здароўе нацыі..." – гаворыцца ў дэпешы.

Як сям'я Сідорскага па шэнгенскую візу хадзіла...

У 2006 годзе Амбасадар Джордж Крол апісвае, як чэшская амбасада адмовіла прэм'ер-міністру Сяргею Сідорскаму ў візе, нягледзячы на тое, што той не знаходзіўся ў “чорным спісе” ЕС.

Маўляў, чэшскі дыпламат паведаміў, як уся сям'я Сідорскага падала дакументы на атрыманне шэнгенскай візы ў чэшскай амбасадзе: сам Сяргей Сідорскі, яго жонка Людміла, а таксама абедзве іх дачкі разам са сваімі мужамі. Быццам малодшая дачка Аксана хацела правесці з мужам мядовы месяц у Чэхіі.

Чэхі Людміле Сідорскай візу выдалі, а яе мужу – не. Яны былі гатовыя выдаць візы астатнім сваякам, але тыя адклікалі дакументы. Чэшскі дыпламат дадаў, што Сідорскі і яго сям'я ўсё ж атрымалі візы ў нямецкай амбасадзе, а значыць усё роўна маглі наведаць Чэхію, паведамляе ў Вашынгтон амерыканскі амбасадар.

"Дзяржаўныя журналісты самі не вераць у тое, што пішуць"

Амбасадар Карэн Сцюарт у лютым 2007 перадае ў Вашынгтон, што журналісты дзяржаўных СМІ – беларусы, якія проста спрабуюць звесці канцы з канцамі. "Анекдатычныя факты сведчаць, што большасць з іх самі не вераць у тое, што пішуць і гавораць, але ясна, што за іх працу плацяць даволі добра". Дыпламат дзеліцца гісторыяй, што адзін з “найбольш саркастычных” дзяржаўных журналістаў шчыра прызнаўся ў зайздрасці аднаму з супрацоўнікаў амбасады, бо апошняму даводзілася быць у ЗША па праграме абмену.

Далей Карэн Сцюарт апісвае факт, які тычыцца супрацоўніка дзяржаўнага тэлебачання Яўгена Новікава. "Пастаянны аб'ект недарэчнага выкрыцця амбасады ЗША, Новікаў ў 1999 быў ліцэнзіянтам Камісіі па дэмакратыі, пасля далучыўшыся да ўрадавых СМІ".

Сцюарт заўважае, што дзяржаўныя СМІ пастаянна дыскрэдытуюць урад ЗША і Захад. "Дзяржаўныя СМІ... пераконваць простага беларуса, што ЕС, ЗША і іншыя заходнія арганізацыі дзейнічаюць супраць стабільнасці Беларусі. Больш за тое, пры кожнай магчымасці дзяржаўныя СМІ пераплятаюць дзейнасць апазіцыі з органамі ЗША і Захаду, каб стварыць у галовах гледачоў і слухачоў, што яны – адно і тое самае".

Сцюарт таксама нагадвае, што супрацоўнікі амбасады – аб'екты пастаяннай увагі дзяржаўных СМІ.

"....Непазбежна прыкоўваюць увагу камераў і “журналістаў”, калі едуць за Мінск, а часта і ў самой сталіцы. У сельскай мясцовасці гэта выглядае найбольш каварна – калі “мясцовыя” журналісты, відавочна пасланыя КДБ – раптам з'яўляюцца на прыватных сустрэчах".

Беларускі МЗС дасылаў ноту, бо амерыканцы хацелі наведаць Казуліна ў турме

8 верасня амерыканская амбасада атрымала ноту ад беларускага МЗС на падставе дасланага запыту наведаць Казуліна ў турме. За тыдзень да ноты амбасадар беспаспяхова намагаўся сустрэцца з палітычным зняволеным. Да пратэсту беларускага МЗС быў далучаны ліст суддзі Аляксея Рыбакова, які забараніў наведванне дыпламату на падставе адміністрацыйна-працэсуальнага кодэкса, гаворыцца ў тэлеграме, адпраўленай у верасні 2006 года.

Як абшукалі кватэру латвійскага дыпламата ў 2006 годзе

Тэлеграма раскрывае дэталі ператрусу на кватэры латвійскага дыпламата ў 2006 годзе.  Тады латвійскі МЗС даслаў беларускім калегам ноту пратэсту. Латвійская амбасада выдала кароткае паведамленне для прэсы, але нават не назвала імя абшуканага дыпламата.

Як вынікае з дэпешы, 25 ліпеня 2006 года тры "невядомыя беларусы ў цывільным", міліцыянер у форме і аператар увайшлі ў кватэру дыпламата, калі той замыкаў дзверы. Супрацоўнікі спецслужбаў адразу ж пачалі шукаць відэакасеты, паведаміў амерыканцам адзін з латвійскіх дыпламатаў. На яго думку, "спецслужбы маглі лёгка зайсці ў кватэру да гэтага і падкласці няёмкія відэазапісы". Латвійскі дыпламат таксама дапусціў, што нехта ў беларускім урадзе такім чынам хацеў пашкодзіць сустрэчы Беларусі, Літвы і Латвіі на высокім узроўні для святкавання дэмаркацыі беларуска-латвійскай мяжы.

Амерыканцы пра праблемы беларускага турызму

Час ад часу амерыканскія дыпламаты ездзілі ў сельскую мясцовасць. Некалькі тэлеграмаў прысвечаныя стану і перспектывам беларускага агратурызму.

Аднойчы амерыканскі дыпламат нават бавіў час ў агратурыстычнай сядзібе з прыемнымі гаспадарамі і смачнай ежай. Беларускі агратурызм – выдатны спосаб правесці выхадныя, дзеліцца ён у тэлеграме. Але са сваімі праблемамі: транспартная сістэма развітая слаба, турыстычную візу атрымаць не проста.

У дэпешы, датаванай вераснем 2005 года, гаворыцца:

"Турыстычная частка з аглядам цікавых месцаў паказала поўную адсутнасць турыстычнай інфраструктуры: няма інфармацыйных ці маршрутных знакаў (на любой мове), няма мапаў і прыбіральняў... Да таго ж павінны быць мадэрнізаваныя аўтобусы і ездзіць паміж гарадамі з замкамі яны мусяць большы чым двойчы ў дзень".

Вытрымка з іншай тэлеграмы пад назвай "Ці хацеў бы ты паехаць адпачыць у Беларусь?":

"Багатая і параўнальна непарушная прырода Беларусі мае значны турыстычны патэнцыял, асабліва для стомленых ад гарадскога жыцця еўрапейцаў. Але гэты патэнцыял застанецца нераскрытым, пакуль хаця б мінімальна не разаўецца сервіс. У свеце Беларусь вядомая толькі за сваю рэпутацыю апошняй еўрапейскай дыктатуры,а кошты і цяжкасці з атрыманнем візаў і транспарту высокія"

Амерыканскія дыпламаты пра плюсы і мінусы БХД

У адной з перададзеных у Вашынгтон дэпешаў у сакавіку 2009 года, дыпламаты пішуць, што БХД – добрая палітычная ніша для кансерватыўных хрысціян і беларускіх нацыяналістаў. Але праз сваю ідэалогію партыя "выключае вялікія часткі насельніцтва, якія з настальгіяй узгадваюць савецкае мінулае, не вельмі зацікаўленыя ў хрысціянскай веры ці аддаюць перавагу больш ліберальнай сацыяльнай палітыцы".

Паведамляецца, што самая важная задача для БХД – здабыць падтрымку іншых хрысціянска-дэмакратычных партый ЕС праз паразуменне вакол сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гаворыцца таксама, хто БХД у перспектыве магла б стаць добрай платформай для Севярынца, каб ператварыцца ў фігуру нацыянальнага маштабу.

Дарэчы, у іншай тэлеграме 2007 года пра большыя рознагалоссі паміж старымі апазіцыйнымі лідарамі і маладымі актывістамі гаворыцца, што ў прыватнай размове Севярынец назваў Мілінкевіча "дыпламатам" і параўнаў яго з украінскім прэзідэнтам Юшчанкам (як кантраст да больш рашучай Юліі Цімашэнкі). Тым не менш, у той самай размове з амерыканцамі Павел Севярынец пацвердзіў падтрымку БХД Мілінкевіча.

Чытай таксама: ТОП-25 цікавых фактаў з беларускіх тэлеграмаў Wikileaks (Частка 1)

Неўзабаве на Еўрарадыё - трецяя частка ТОПа з дыпламатычных тэлеграмаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі