Дзеці Пачобута святкуюць 1 чэрвеня чакаючы тату
Жонка палітвязня Андрэя Пачобута, Аксана, распавяла Еўрарадыё, як яе сям'і цяпер прыходзіцца святкаваць дзень дзіцяці.
"Улічваючы якая ў нас сітуацыя, не дзіўна, што я зусім забылася, якое 1 чэрвеня свята. Я адна з двума рознаўзроставымі дзецьмі, таму цяжка неяк адсвяткаваць, даводзіцца падстройвацца пад іх графікі",- распавяла жонка журналіста.
Пра сённяшняе свята яна пачула у грамадскім транспарце. "Пасля гэтага мы паехалі і купілі дачцэ кнігі, якія яна хацела, а маленькага зараз павязем - на прагулку. Ён апошнімі часамі стаў вельмі чакаць тату. Як хто ў дзверы пазвоніць, дык кажа "Тата", - распавяла Аксана Пачобут.
Нагадаем, журналіста Андрэя Пачобута абвінавачваюць у "абразе" і "паклёпе" на Аляксандра Лукашэнку. За артыкулы, змшчаныя ў "Газеце Выборчай", "Беларускім Партызане" ды ў каментарах, змешчаных у сацыяльных сетках, Андрэю Пачобуту пагражае 4 гады турмы.