Дзмітрыева і Пашкевіча асудзілі на 10 сутак
Актывістаў кампаніі "Гавары праўду" суд у Смалявічах прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыяваным мерапрыемстве.
Нагадаем, што Андрэй Дзмітрыеў і Міхась Пашкевіч прыязджалі 10 сакавіка ў Смалявічы на сход дачна-садовага таварыства. Мясцовыя дачнікі былі занепакоеныя планамі ўладаў пабудаваць на месцы іх кааператыву кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Гэтае паседжанне дачнікаў і было названае несанкцыяваным масавым мерапрыемствам.
Падтрымаць актывістаў на суд з'явілася каля паўсотні мясцовых жыхароў. Суддзя дазволіла выступіць шасці чалавекам у якасці сведкаў. Яны распавялі, што звярталіся да Пашкевіча і Дзмітрыева па прававую дапамогу. Дарэчы, у судзе высветлілася, што міліцыя ўжо двойчы спыняла справу супраць Дзмітрыева і Пашкевіча, аднак потым зноў аднаўляла — паводле загаду кіраўніцтва.
На фота з сайту кампаніі "Гавары праўду" — Андрэй Дзмітрыеў у судзе.