Дзмітрыю Канавалаву дзве гадзіны зачытвалі абвінавачанне
Яно заняло першую палову першага дня судовага працэсу.
Пасля абедзеннага перапынку будуць зачытваць абвінавачанне Уладзіславу Кавалёву, перадае з суда карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн. Такім чынам, сёння наўрад ці варта чакаць допытаў — як абвінавачаных, так і сведкаў.
У судовай зале на 500 месцаў занятыя толькі каля паловы. Пры гэтым сярод прысутных 121 пацярпелы. Яшчэ больш за 400 пацярпелых прысутнічаць на судзе не змаглі. Як сведчыць карэспандэнт Еўрарадыё, зала даволі стрымана ставіцца да абвінавачаных. Толькі калі завялі ў залу аднаго з іх, нейкі мужчына выкрыкнуў, каб той апусціў галаву.
Нагадаем, што пацярпелыя заявілі шэраг хадайніцтваў. Сярод іх былі скаргі на тое, што ім далі мала часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Адзін з пацярпелых адзначыў, што меў на гэта толькі тры дні.