Дзяржава не плаціць за электраэнергію па 3 месяцы
І ў той жа час пакідае без святла жыхароў, якія на 2 месяцы спазніліся з аплатай.
1 ліпеня першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што цягам 2-3 дзён краіна цалкам разлічыцца з Расіяй і Украінай за электраэнергію.
Аказваецца, з сакавіка беларусы карысталіся расійскай электраэнергіяй задарма, а запазычанасць Украіне склала 35 мільёнаў долараў.
Еўрарадыё даведалася, як дзяржава абыходзіцца з грамадзянамі, якія… не плацяць за электраэнергію і камунальныя паслугі ў сваіх кватэрах.
У “Гомельэнерга” карэспандэнту Еўрарадыё распавялі, колькі трэба не аплачваць "жыроўку", каб пазбавіцца святла.
“Каб адключылі электраэнергію, трэба два месяцы не аплачваць паслугі. Вам выставяць запазычанасць. А калі зменіцца тарыф, то прыйдзецца аплачваць па больш высокім кошце. Будуць звяртацца ў суд з іскам аб спагнанні”.
Камунальныя паслугі спыняюцца таксама пасля двух месяцаў няплаты. Аб гэтым Еўрарадыё даведалася ў мінскім ЖЭСе №10.
“Калі нам прысылаюць дадзеныя, што болей за 2 месяцы не аплачана, то мы адключаем электраэнергію і гарачую ваду. Бывае выпадкова: адзін месяц не аплацілі, другі не паспелі. А ёсць і такія, хто не плаціць па тры гады, у якіх запазычанасць болей за 10 мільёнаў. Падаюцца іскавыя заявы ў суд, а далей ужо кантралюе разліковы цэнтр”.
Па такой логіцы праз запазычанасць у 3 месяцы ўсе беларусы ўжо даўно мусілі апынуцца без святла. Але будзем спадзявацца, што расійскія і ўкраінскія пастаўшчыкі электраэнергіі не будуць так жорстка ставіцца да нашай дзяржавы, як яна — да сваіх жыхароў.
Фота: analitycs.in.ua