Дзяўчыну, якая здымалася голай у метро, аштрафавалі (фота+відэа)
Студэнтка аднаго з гуманітарных факультэтаў правяла паўночы ў міліцыі, а раніцай яе даставілі ў суд.
Як даведалася Еўрарадыё дзяўчыну, якая 17 студзеня зладзіла аголеную фотасесію ў вагоне мінскага метро, затрымалі, праверылі на алкаголь і склалі пратакол за хуліганства, пасля адпусцілі ў інтэрнат. Раніцай яна сама з'явілася ў міліцыю, адкуль яе даставілі ў суд. Ёй далі штраф 70 тысяч рублёў. Фатографа не затрымлівалі, ён праходзіў па справе, як сведка.
"Уначы а 1 гадзіне 10 хвіліне затрымана дзяўчына ў аголеным выглядзе на станцыі метро "Усход". Разам з фатографам яна зладзіла фотасесію ў вагоне ў голым выглядзе. Яна была затрымана і раніцай дастаўлена ў суд Першамайскага раёна. Сёння яе асудзілі за дробнае хуліганства", – паведаміў кіраўнік прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.
Еўрарадыё таксама адшукала і паразмаўляла з фатографам, які здымаў дзяўчыну!
Дзяўчыне далі штраф. Як высветлілася, яна 21-гадовая студэнтка аднаго з гуманітарных факультэтаў, жыве ў інтэрнаце. У адных панчохах яна ехала ў апошнім цягніку ў бок Уручча і пазіравала фатографам. На станцыі "Барысаўскі тракт" фатографы і дзяўчына выйшлі з цягніка і пераселі ў электрычку, якая ехала ў адваротным накірунку. Праз адзін перагон, на станцыі метро "Усход" у вагон зайшлі міліцыянеры. Нягледзячы на тое, што студэнтка паспела накінуць футра, яе разам з фатографам вывелі з цягніка.
Фота: Уладзімір Парфянок
Два гады таму аголеная дзяўчына гуляла па супермаркеце ў Пінску. Перад гэтым яна пабілася аб заклад на 5 тысяч еўра і выканала сваю частку дамовы.