Эканамічную выгаду беларускай АЭС падлічаць толькі пасля яе будаўніцтва?
І праектанты станцыі, і незалежныя эксперты пагаджаюцца: 9 мільярдаў на будаўніцтва АЭС не хопіць
На сённяшні дзень не існуе дакладных эканамічных разлікаў будучай Астравецкай АЭС. Канчатковы кошт станцыі будзе залежаць выключна ад вынікаў перамоў аб памеры расійскага крэдыту на яе будаўніцтва і ўмоў, па якіх мы атрымаем крэдыт. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў намеснік дырэктара Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” Акадэміі навук Анатоль Якушаў.
Анатоль Якушаў: “Кошт будзе ўсталёўвацца шляхам перамоў. Папярэдне выстаўленыя 9 мільярдаў долараў. Але гэта не канчатковы кошт: ёсць жа яшчэ і прыбытак кампаніі. Будзе залежаць, наколькі будуць прыцягвацца мясцовыя спецыялісты, будуць будаўнікі нашы ці расійскія… І ў расіян заробак вышэй у два разы ад нашых заробкаў. Усё гэта прадмет перамоваў. Ну, калі 9 мільярдаў — гэта станцыя пад ключ, то непасрэдна абсталяванне будзе каштаваць прыкладна 60 адсоткаў”.
Пры гэтым, адзначае спецыяліст, сума ў 9 мільярдаў прадугледжвае найтаннейшы варыянт будаўніцтва станцыі. Да прыкладу, кошт рэактарнай устаноўкі складае каля 30 адсоткаў ад агульнай сумы і вылічваецца ад кошту за кілават усталяванай магутнасці. У сярэднім адзін кілават каштуе ад 2 да 3,5 тысяч долараў. Рэактар у Астраўцы разлічаны на 1200 мВт. Пры сярэднім кошце кілавату ад 2 да 3,5 тысяч долараў атрымліваем цану на рэактарную ўстаноўку ад 2,4 да 4,2 мільярдаў долараў.
Анатоль Якушаў: “Беларускія навукоўцы арыентаваліся пры падрыхтоўцы абгрунтавання прыняцця рашэння на кошт будаўніцтва атамнай станцыі да 2,5 тысяч долараў за ўсталяваны кілават. І на кошт, адпаведна, паліва парадку 5-6 долараў за гігакалорый. Пры гэтых лічбах можна чакаць недзе 3-4 цэнты за кілават-гадзіну — не кошт, а выдаткі на вытворчасць электраэнергіі. А акупляльнасць будзе вызначацца яшчэ і тым тарыфам, па якім гэтая электраэнергія будзе прадавацца”.
Пры самым аптымістычным раскладзе праектанты прагназуюць акупляльнасць атамнай станцыі на працягу 13-15 гадоў. Аднак канчаткова тэрмін акупляльнасці будзе залежаць ад адзінага тарыфу на электраэнергію, які будзе прыняты ў Беларусі з запускам АЭС. Пры гэтым станцыя, якая павінна забяспечыць каля 30 адсоткаў усёй выпрацаванай энергіі, у фармаванні адзінага тарыфу вырашальную ролю адыгрываць не будзе. Астатнія 70 адсоткаў энергіі ў краіне выпрацоўваюць каля 120 аб’ектаў, якія збольшага працуюць на прыродным газе. Адпаведна, памер адзінага тарыфу будзе залежаць ад кошту на прыродны газ, які нам пастаўляе Расія.
Анатоль Якушаў: “Яшчэ ёсць пэўная нявызначанасць у кошце на газ, па якім мы будзем працаваць у 2016 годзе. А без гэтага кошту мы не здолеем вызначыць тэрміну акупляльнасці — анічога. Таму што мы не здолеем выйсці на тарыфы. А калі не ведаем тарыфаў, то не здолеем вызначыць прыбытак. Вось гэтыя прагнозы вельмі складана рабіць, таму што палітыка ўмешваецца. Мы мяркуем, што ў 2016 годзе будзе 400 долараў за 1000 кубоў — тады тарыф на электраэнергію можна будзе знізіць прыкладна на 25 адсоткаў. Калі ж мы ад атамнай станцыі адмовімся, то мы паставім эквівалентныя магутнасці на прыродным газе — і тады тарыфы нам давядзецца на чвэрць павялічыць”.
Таксама на адзіны тарыф паўплывае амартызацыя капітальных укладанняў на будаўніцтва АЭС, што складзе каля 70 адсоткаў ад агульнай сумы выдаткаў на вытворчасць атамнай энергіі. Таксама сюды варта дадаць і адсоткі, якія Беларусь будзе абавязаная выплачваць за ўзяты расійскі крэдыт. Каб кампенсаваць згаданыя выдаткі, яны будуць перанесеныя на кошт адпускной кілават-гадзіны.
Аднак уласнымі сіламі ўнутраны спажывец усіх выдаткаў кампенсаваць не зможа. А таму атамная энергетыка немагчымая без дадатковых бюджэтных уліванняў, запэўнівае Еўрарадыё эксперт расійскай экалагічнай групы “Экаабарона” Андрэй Ажароўскі.
Андрэй Ажароўскі: “У Расіі атамная энергетыка атрымлівае істотныя дзяржаўныя субсідыі. Частка з іх наўпрост прапісаная ў дзяржбюджэце, частка субсідыяў — схаваныя. У такой жа сітуацыі апынецца Рэспубліка Беларусь, калі раптам завядзе ў сябе атамную энергетыку. Аналагічная сітуацыя ўва Францыі, Вялікабрытаніі — гэта з’ява, прызнаная эканамістамі ва ўсім свеце”.
З расійскім эколагам пагаджаецца і Анатоль Якушаў. На плечы краіны ўскладуцца і дадатковыя выдаткі, якія ў запрошаныя 9 мільярдаў не ўвойдуць.
Анатоль Якушаў: “Усё, што знаходзіцца ўнутры, па-за плотам станцыі — вось гэта будзе каштаваць 9 мільярдаў долараў. Усё, што па-за плотам, — гэта асобныя выдаткі. Ёсць яшчэ расходы, звязаныя з інфраструктурай. Гэта будаўніцтва пасёлку-спадарожніка для персаналу і яго сем’яў, дапаможныя службы, дамы побыту, дзіцячыя садкі і школы і г.д. Трэба будзе правесці дадатковыя лініі высакавольтных электраперадач, дарогі, розныя пад’яздныя шляхі — гэта асобна, гэта не ўваходзіць у кошт станцыі. Калі будуецца пасёлак, то кватэры не раздаюцца задарма. Яны ж прадаюцца, гэта зусім іншы від дзейнасці!”
Недармовае жыллё ў атамным пасёлку для яго будучых жыхароў — не адзіны сюрпрыз, які хавае кожная АЭС, запэўнівае фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. І прыводзіць прыклад яшчэ не дабудаванай Еўрапейскай АЭС ува Францыі, выдаткі на якую ўжо перавысілі амаль удвая лічбы, заяўленыя напачатку. Аналагічная сітуацыя назіралася і на Цяньваньскай АЭС, якую 2 гады таму пабудаваў “Росатам” у Кітаі: выніковая сума і тэрміны будаўніцтва там значна перавысілі першапачатковыя.
Андрэй Ажароўскі: “Канчатковы кошт будаўніцтва атамнай станцыі вельмі часта бывае на мільярды еўра вышэйшы за заяўлены напачатку. Вытворцам атамнай энергетыкі выгадна паказаць, што яны нібыта эканамічна апраўданыя. Таму першапачатковы кошт заяўляецца занадта нізкі. Станцыі будуюцца вельмі марудна — гэта таксама цягне падаражанне будаўніцтва. І гэта прыводзіць да ламання ўсіх планаў і невыканання абяцанняў выдаць энергію да пэўнага тэрміну”.
Дарэчы, могуць адрознівацца тэрміны не толькі будаўніцтва, але і эксплуатацыі атамнай станцыі, асабліва калі будзе рэалізаваны не самы танны варыянт будаўніцтва АЭС. Аднак чым больш працуе станцыя, тым большая верагоднасць аварыі на ёй, адзначае чалец Міжнароднай Акадэміі экалогіі Георгій Лепін.
Георгій Лепін: “Калі паспрабуюць працягнуць тэрміны эксплуатацыі, гэта справакуе надзвычай істотнае аслабленне канструкцыяў рэактара. Вядома, што пад уздзеяннем нейтроннай плыні ў металічных канструкцыях утвараюцца вакансійныя кластары, якія з цягам часу пераходзяць у расколіны. Адпаведна, пасля 30 гадоў няма сэнсу нават гаварыць хоць пра якую-небудзь эксплуатацыю”.
Дарэчы, паводле праекту, Астравецкая станцыя разлічаная ажно на 60 гадоў эксплуатацыі. Такі тэрмін дзеяння АЭС, на думку праектантаў, не толькі рэальны, але і дазволіць зарабіць на далейшае закрыццё станцыі. Да прыкладу, можна закласці ў тарыфы на адпускную электраэнергію дадатковы кошт, які будзе назапашвацца ўвесь час дзейнасці станцыі. Альбо пакласці суму ў 10 адсоткаў ад кошту станцыі на момант яе будаўніцтва ў банк — і праз 60 гадоў гэтая лічба павялічыцца настолькі, каб спыніць АЭС.
Аднак нават калі падобныя задумы будуць рэалізаваныя, дагэтуль не зразумела, за якія грошы будуць захоўвацца радыеактыўныя адкіды, у тым ліку і адпрацаванае ядзернае паліва, якое, паводле расійскага заканадаўства, пасля перапрацоўкі абавязкова будзе вернутае ў нашу краіну.
Дарэчы, летась Беларусь ужо ўклала ў працы, звязаныя з АЭС, 121,6 мільярда рублёў. На сёлета запланаваныя яшчэ 350 мільярдаў рублёў, якія збольшага будуць выдаткаваныя на праектныя працы. На Астравецкай пляцоўцы, якая дагэтуль нават не зацверджаная афіцыйна як канчатковае месца для будаўніцтва АЭС, ужо сёння пракладваюцца чыгуначныя і аўтамабільныя дарогі і будуюцца дамы для працаўнікоў станцыі.
Фота з http://i.focus.ua/