Эксперты Архускай канвенцыі ў верасні вынясуць вердыкт па астравецкай АЭС
Беларусь павінна да пачатку чэрвеня адказаць на запыт міжнароднага камітэта, але пакуль проста ігнаруе яго. Замежныя спецыялісты ўпэўненыя, што рашэнне будзе не
25 траўня Варшава стала ужо пятай замежнай сталіцай, дзе прайшлі кансультацыі па пытаннях будаўніцтва астравецкай АЭС. Праводзіць такія мерапрыемствы з удзелам недзяржаўных арганізацый, згодна з міжнароднай Канвенцыяй Эспа, Беларусь абавязаная ва ўсіх зацікаўленых краінах . У Польшчы кансультацыі прайшлі ў закрытым рэжыме.
Між тым, як даведалася Еўрарадыё, эксперты Архускай канвенцыі ў верасні вынясуць вердыкт, ці парушыла Беларусь міжнародныя нормы пры распрацоўцы праекту будаўніцтва АЭС. А ў жніўні фармальную працэдуру ўстанаўлення парушэнняў Канвенцыі аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе (Эспа) можа распачаць і Камітэт па выкананні Канвенцыі Эспа.
Міжнародныя камітэты могуць знайсці парушэнні Канвенцый Беларуссю і запатрабаваць прадставіць больш падрабязныя дэталі праекту і правесці кансультацыі з грамадскасцю наноў. Але забараніць будаўніцтва станцыі яны не змогуць. Краіны-падпісанты Канвенцый у выпадку іх парушэння атрымаюць магчымасць прыцягнуць Беларусь у Міжнародны суд ААН. Але толькі калі наша краіна на гэта пагадзіцца. У любым выпадку, ігнараванне рашэнняў Камітэтаў можа выклікаць міжнародны скандал.
Беларускія чыноўнікі ўпэўненыя, што рашэнні будуць станоўчыя. Пра гэта яны заявілі на слуханнях у Вене, адказваючы на пытанне прадстаўніка аўстрыйскай экалагічнай арганізацыі Oekobutro Клеменса Конрада.
Клеменс Конрад: "Я атрымаў адказ, што яны на 100% упэўненыя, што скаргі на Беларусь Камітэты разгледзяць станоўча. Што адмоўнае рашэнне немагчымае, не можа быць такога варыянта".
Але прадстаўнік украінскага экспертна-аналітычнага цэнтра "Грамадства і наваколле"Андрэй Андрусевіч упэўнены, што будзе акурат наадварот.
Андрэй Андрусевіч: "Гарантую, што парушэнні канвенцыі будуць знойдзеныя. Беларускае заканадаўства само сабой дапускае парушэнні. Нават калі б усе працэдуры праводзіліся паводле закону, рэальна, а не фармальна паводле закону, то нават у такім выпадку гэта парушала б Канвенцыі: і Канвенцыю Эспа, і Архускую Канвенцыю. І Камітэт проста не можа гэта не заўважыць".
Андрэй Андрусевіч сярод іншых падаваў скаргі ў Архускі камітэт. Гэты міжнародны орган Беларусь проста ігнаруе, прычым не ўпершыню.
Андрэй Андрусевіч: "Раней я прадстаўляў інтарэсы заяўнікаў па Нёманскай ГЭС. Беларусь не прыйшла на слуханне справы, і нават пісьмовыя адказы не прадставіла. Цяпер разглядаецца пытанне парушэння Беларуссю Архускай Канвенцыі ў сувязі з АЭС, але яны ніяк не рэагуюць увогуле".
Беларускі ўрад мусіць адказаць на запыт Архускага Камітэта да пачатку чэрвеня, але адказу пакуль няма. Такім стаўленнем Камітэт вельмі незадаволены, і гэта абавязкова адаб'ецца на жорсткасці рашэння. Праўда, калі нават і адкажуць, гэта не дапаможа, кажа эксперт.
Андрэй Андрусевіч: "Упэўнены, што рашэння станоўчага не будзе. Нават калі б яны адказалі. А паколькі яны ўвогуле не адказалі, дык няма на што спадзявацца".
У Камітэце па выканні Канвенцыі Эспо Беларусь таксама актыўнасці не праяўляе. Андрэй Андрусевіч дзеліцца ўражаннямі ад нядаўняга пасяджэння працоўнай групы Камітэта ў Жэневе.
Андрэй Андрусевіч: "Пытанне беларускай АЭС уздымалася разоў 10 на працягу тых трох дзён, што я там быў. Асобны час быў прысвечаны атамнай энергетыцы і будаўніцтву АЭС, шмат якія краіны рабілі даклады. А Беларусь адмаўчалася, ніводнага слова за ўвесь час не сказала".
Нагадаем, Польшча ўжо пятая замежная краіна пасля Літвы, Латвіі, Украіны і Аўстрыі, дзе абмяркоўваюцца пытанні бяспекі будучай беларускай АЭС і ўплыў на навакольнае асяроддзе. Як і ў Латвіі, кансультацыі прайшлі ў закрытай форме, без прадстаўнікоў грамадскасці.
Украіну і Літву папярэднія слуханні не задаволілі, таму там яны неўзабаве пройдуць паўторна.
Даведка Еўрарадыё.
Канвенцыю "Пра доступ да інфармацыі, удзелу грамадзкасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што маюць дачыненне да навакольнага асяроддзя" (Архуская Канвенцыя) Беларусь падпісала ў 1998 годзе. Згодна з ёй, наша краіна мусіць своечасова і ў даступнай форме інфармаваць зацікаўленую грамадскасць па пытаннях навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад пачатку працэдуры прыняцця рашэнняў.
"Канвенцыю аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце" (Канвенцыя Эспо) Беларусь ратыфікавала ў 2005 годзе. Згодна з ёй, наша краіна абавязана праводзіць ацэнку ўплыву будаўніцтва на навакольнае асяроддзе, пачынаючы ад ранніх стадый планавання. Беларусь таксама мусіць паведамляць іншым краінам і кансультавацца з імі па ўсіх праектах, які будуць мець значны ўплыў на навакольнае асяроддзе, сягаючы за межы сваёй тэрыторыі.
Здымак з акцыі эколагаў і анархістаў 23 жніўня 2009 года ў Астравецкім раёне. Фота: blog.grodno.net
Глядзі таксама: